Петыцыю апублікавалі 16 снежня.
У 2017 годзе завяршылі электрыфікацыю ўчастка Маладзечна-Гудагай. Абнавілі чыгуначнае палатно. За ўсё гэта жыхары ўдзячныя Беларускай чыгунцы.
Смаргонь павялічваецца і ўшчыльняецца, колькасць гарадскога насельніцтва расце. Таму і нагрузка на чыгунку таксама павялічваецца. І таму актывісты лічаць неабходным выправіць некаторыя хібы.
Першая праблема – вузкія праходы на платформы з крутымі лесвіцамі без пандусаў і збітымі прыступкамі. Замест пандуса жыхары вытоптваюць сцежкі паралельна з лесвіцамі. Сцежкі падмывае, што можа разбурыць лесвіцу і садзейнічаць траўматызму.
Калі прыязджае электрычка, тут збіраецца шмат людзей, якім вельмі нязручна рухацца ў такой цеснаце. Таму ініцыятары раяць перарабіць праходы, зрабіць іх прасторнымі, з пандусам і парэнчамі.
Калі курыльшчыкі дымяць проста на платформе, усе астатнія мусяць пакутаваць. Таму ініцыятары просяць прадугледзець месцы для курэння.
На паўночна-заходнім праходзе патрэбны тратуар. Месцаў на паркоўцы не хапае, няма месца для людзей з інваліднасцю. Неабходна ў раёне паркоўкі зрабіць добрае асвятленне.
Ініцыятары лічаць важным палепшыць пасажырскі павільён. Ёсць толькі адна каса, там збіраецца вялізная чарга, і некаторыя не паспяваюць купіць білет. Так як павільён маленькі, схавацца пад дахам падчас дажджу ці снегу могуць нямногія. Не хапае лавак. А тыя, што ёсць, – металічныя, хаця ў краінах з халодным кліматам варта ставіць драўляныя.
На паркоўцы патрэбная крытая велапаркоўка. Яшчэ адна патрэба – магчымасць выпіць гарачы чай або каву. Невялікі магазін з такой магчымасцю вельмі патрэбны пасажырам.
Падрабязней петыцыю можна прачытаць тут.
На момант публікацыі яе падпісалі 17 чалавек.
• Текст доступен на языке: Русский