Супрацоўнікі Мядзельскай міжраённай інспекцыі ў мінулыя выхадныя затрымалі двух паляўнічых, якія палявалі без дазволу.
Адзін паляваў з расчахлёнай зараджанай зброяй у паляўнічых угоддзях Крывіцкага лясніцтва  ў Нацыянальным парку «Нарачанскі» паблізу вёскі Вытраскі Мядзельскага раёна. Ён не меў дзяржаўнага пасведчання на права палявання, паляўнічай пуцёўкі на здабычу  жывёлы і дазволу органа ўнутраных спраў на захоўванне і нашэнне паляўнічай зброі.

Іншага паляўнічага затрымалі ў Вязынскім лясніцтве Вілейскага доследнага лясгаса. Гэты паляўнічы не толькі не меў дакументаў на права палявання, але і незаконна захоўваў гладкаствольную паляўнічую стрэльбу, расказаў «Рэгіянальнай газеце» намеснік начальніка Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Раман Лесін.

Дзякуючы дзеянням супрацоўнікаў інспекцыі, незаконна здабыць жывёлу ў парушальнікаў не атрымалася. Паляўнічым пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй  або без канфіскацыі стрэльбаў і з пазбаўленнем спецыяльнага права паляваць на дзікіх жывёл.

Пра ўсе выпадкі парушэння прыродаахоўнага заканадаўства просьба паведамляць па тэлефоне 8 01797 50740 ў Мядзельскую міжраённую інспекцыю альбо на «тэлефон даверу» Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – 8 017 39 00000, або на тэлефон 102. Уся атрыманую інфармацыю абавязкова правераць.

 

• Текст доступен на языке: Русский