Напрыканцы года прынята падводзіць вынікі. Што можам узгадаць мы? Ну, канешне, тое, пра што пісала «Рэгіянальная газета» ў 2018.
У першым нумары аб’явілі Асобу года-2017. Імі сталі гаспадары прытулку для сабак на Валожыншчыне Алена і Ігар Крэйнісы.

У студзені ў рэдакцыі зладзілі круглы стол па экалогіі. Прыехалі ўдзельнікі з Мінска, Астравеччыны, Вілейшчыны.

Працягваліся суды па справе Вікторыі Папчэні – маладзечанскай школьніцы,  што загінула на бульбе. У канцы студзеня 2018 года суд вынес рашэнне па іску бацькі дзяўчынкі Алега Папчэні. Згодна з ім, маральную шкоду бацькам выплацілі гаспадарка «Хоўхлава» і школа №11, дзе вучылася Вікторыя.

Віляйчанка Жанна Вярбіцкая распавяла чытачам, як даведалася пра анкалагічную хваробу і як змагалася з ёй.

У лютым памёр Барыс Кіт – найпершы ў свеце беларус, дзякуючы якому амерыканцы паляцелі на Месяц. Мы прыгадалі сем фактаў пра Барыса Кіта, а ўраджэнец Вілейкі Сяргей Макарэвіч  расказаў пра тое, як сустракаўся з вядомым беларусам у Германіі. Былі і яшчэ сумныя навіны – у сакавіку памёр журналіст ураджэнец Мядзельшчыны Міхась Чарняўскі, у чэрвені – ураджэнец Смаргоншчыны, літаратуразнаўца і фалькларыст Арсень Ліс.

Пра гендар і тэатральныя прэм’еры

Перад чарговымі выбарамі ў дэпутаты рэдакцыя зладзіла чарговы круглы стол. Запрасілі і тых, хто быў дэпутатам, і тых, хто балатуецца. Прыйшлі да высновы, што дэпутатаў многія па-ранейшаму выбіраюць па касцюме і думаюць, што ён ідзе красці.

У Мінскім абласным драмтэатры адбылася прэм’ера новага мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенкі. Карэспандэнты рэдакцыі паглядзелі пастаўленую ім п’есу «Дырыжор». Яшчэ адна гучная прэм’ера тэатра – спектакль «Час Сэканд Хэнд» па кнізе Святланы Алексіевіч.

У рэдакцыі абмеркавалі гендарныя праблемы са шведскім экспертам медыяінстытута Fojo Жазэфінай Якабсан. Як не сварыцца з суседзямі, разважалі на круглым стале ў сакавіку. Выступалі міліцыянеры, прадстаўнікі санстанцыі і ЖКГ.

Карэспандэнт Аксана Ярашонак наведала выставу вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка. Выстава называлася «Дома». Большасць твораў у ёй мастак прысвяціў вядомым родам з Вілейшчыны, Наваградчыны, Глыбоччыны.

З сям’і ў Радашкавічах забралі дзевяць дзяцей

«Рэгіянальная газета» ладзіла праект «Простыя рэчы». У публікацыях мы распавядалі пра людзей, якія карыстаюцца прадметамі, што даўно ўжо маглі б стаць музейнымі экспанатамі: небяспечнай брытвай, самаварам на вуголлі, старым даваенным ліхтарыкам, сячкарняй.

У сям’і з Радашкавічаў забралі дзевяць дзяцей. Тады, у красавіку, мы пагутарылі з іх мамай, сацыяльнымі службамі, педагогамі. Сёння ўсе дзевяць дзяцей вернутыя ў сям’ю.

З маладзечанцамі сустрэўся паэт і грамадскі дзеяч ураджэнец Смаргоншчыны Уладзімір Някляеў.

Навучэнец Вілейскага дзяржаўнага каледжа Іван Літвіновіч стаў чэмпіёнам Еўропы па скачках на батуце. Таксама мы сачылі за выступленнем Івана на юнацкіх алімпійскіх гульнях у Аргенціне. Там віляйчанін заняў чацвертае месца.

Гайда ў аптэкарскі сад

Рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» наведала аптэкарскі сад на Мядзельшчыне. А каб нашым чытачам таксама захацелася з’ездзіць туды, Зоя Хруцкая апісала 12 спраў, якія варта зрабіць у аптэкарскім садзе.

У маі пачалі судовы працэс супраць забойцаў ураджэнца Вілейкі бізнесмена Андрэя Касяка. Яго цела якога міліцыя не магла знайсці ад 2016 года. І толькі сёлета ў лістападзе цела Андрэя Касяка знайшлі і пахавалі ў Касуце на Вілейшчыне.

Пра сваё дзяцінства, сям’ю і творчасць «Рэгіянальнай газеце» расказаў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча, ураджэнец Вілейшчыны Міхаіл Казінец.

У маі пачаўся ажыятаж з запісам у гімназіі. У рэгіёне гэта было асабліва адчувальна ў Маладзечне. Адна з мамаў будучай першакласніцы расказала нам, як з тэрмасам і пледам сядзела ноччу пад гімназіяй, каб дачку ўзялі туды вучыцца. Сядзела нездарма. Сёння дзяўчынка вучыцца там.

Журналістка Аляксандра Парахня пагутарыла з маладзечанкай Валянцінай Варанюк, у якой два сыны сталі манахамі.

Курапаты і «Адна зямля»

Чым небяспечныя для малых дзяцей хадуны і самакаты, нашым чытачам расказаў дзіцячы траўматолаг Аляксандр Запрудскі. А маладзечанец  Ягор Мышук расказаў, як адзін гадуе трохгадовага сына Давіда пасля таго, як яго жонка Вікторыя памерла ў маладзечанскай радзільні.

Фестываль «Адна зямля» прайшоў у дваццаты раз. Сёлета яго праводзілі ў Вілейцы. Планавалі – на вуліцы. Аднак з-за дрэннага надвор’я перанеслі ў Палац культуры. Перамог Вадзім Авіжыч з Ашмянаў.

Віляйчане паўдзельнічалі ў акцыі абароны Курапатаў. На беразе Вілейскага вадасховішча за грошы Еўрасаюза ў другі раз правялі «Юшка-фэст».

Археолагі працягнулі вывучаць рэгіён. Ладзілі раскопкі ў Крэве, Ільі, Нясцёрках, Наўрах. У некаторых месцах з археолагамі капалі і нашы журналісты.

На Маладзечаншчыне, каля закінутага завода ў Турэц-Баярах, здымалі фільм “Чарнобыль”.

Пра буру на Вілейшчыне і кадравыя перамены

Пятага жніўня па Вілейшчыне пранеслася бура. Паламала дрэвы, раскідала лодкі і катары на вадасховішчы.

Упершыню на Вілейшчыне, у Навасадах, актывіст Алег Куралесаў правёў фестываль «Дом ля возера».

Адміністрацыя аўтапарка расказала чытачам нашай газеты, чаму гарадскія аўтобусы не прыязджаюць па раскладзе.

Маладзечанскі райвыканкам узначаліў былы старшыня са Стоўбцаў – Юры Горлаў. Былі і яшчэ кадравыя змены: начальнік Маладзечанскага РАУС Валянцін Асіповіч перайшоў ва Упраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, а крымінальную міліцыю ў Вілейцы ўзначаліў Дзмітры Сухоцкі з Маладзечна.

Ратавалі стары вяз

Таксама мы расказалі чытачам пра 700-гадовы вяз, магчыма, самы стары ў Еўропе і паўдзельнічалі ў суботніку, каб захаваць унікальнае дрэва. Не маглі мы прамінуць адкрыццё вуліцы стрыд-фуда ў Маладзечне. Захапіла нашых чытачоў магічная гісторыя кахання маладзечанкі Таццяны і канадца Джона.

У Арпе на Вілейшчыне даследавалі старажытнае гарадзішча. Пра гэта мы пагутарылі з археолагам Максімам Чарняўскім.

Гандлёвы цэнтр «Спадарожнік» прыняў першых арандатараў. Але маладзечанскі рынак па-ранейшаму працуе.

А дапамагалі нам запаўняць старонкі цікавымі матэрыяламі нашы пазаштатныя аўтары – Аляксандр Камінскі са Смаргоні, Алесь Раткевіч з Чысці, Вадзім Праўрацкі з Мядзела, Юрась Церабун і Сяргей Лескець з Маладзечаншчыны.

Будзьце з намі і ў наступным годзе.

• Текст доступен на языке: Русский