Аляксандр Гатоўка з курортнага пасёлка Нарач разводзіць трусагадоўчую ферму. Дзякуючы бізнес-інкубатару ў Камарове ён увасабляе сваю мару.
Аляксандр жыве ў Нарачы ад першага класа. Паспеў папрацаваць у аптовых продажах, будаўніцтве. Шлях да фермы пачаўся на бацькоўскім лецішчы, дзе малады чалавек эксперыментаваў.

З чатыры гады таму пачаў будаваць сваю ферму. Паставіў хлеў 12 на 12, гараж для кармоў 6 на 8. Жывёлы развіваліся някепска, але паўстала праблема кармоў. Аляксандр разводзіць хіплусаў. Гэта парода вельмі хутка набірае вагу – у чатыры месяцы могуць дарасці да пяці кілаграмаў. Але такіх жывёл трэба карміць адмысловай ежай, якую ў Беларусі гаспадар не знайшоў. Таму і прыйшоў да высновы, што трэба вырабляць самому.

Развядзенне трусоў прыносіць больш хуткую аддачу, чым буйнарагатай жывёлы, авечак. Калі там трэба 3-4 гады выходзіць на нуль, то прамысловая парода родам з Францыі дазваляе пачаць зарабляць хутчэй.

Гаспадар марыць зрабіць ферму безадходнай, таму плануе дадаць і птушак. Ядомыя часткі пасля забою трусоў можна скормліваць птушкам, што прынясе дадатковыя магчымасці. У працяг тэмы безадходнасці Гатоўка рыхтуе месца перапрацоўкі гною ў гумус.

Для выпрацоўкі кармоў неабходная ўласная кармавая база. Для сыравіны добра падыходзіць чырвоная канюшына, у будучым фермер дадасць люцэрну і іншыя багатыя спажыўнымі рэчывамі травы. Іх пакосяць, перапрацуюць на спецыяльнай вытворчай лініі, правядуць праз гранулятар – і корм гатовы.

Як вучыўся ў бізнес-інкубатары

Мінулай зімой Гатоўка скончыў другі набор Школы вясковага бізнесу, якая працуе ў межах бізнес-інкубатара ў Камарове. Прызнаецца, што спачатку паставіўся да ідэі са скепсісам – ну, чаму ўжо навучаць тут, у правінцыі. Аднак Школа перасягнула ўсе чаканні.

– Трэнераў падабралі проста выдатна, арганізацыя супер, – дзеліцца фермер. Усё зрабілі як мага лепш. Вельмі спадабалася.

У канцы вучобы слухачы прадстаўлялі камісіі свае бізнес-праекты. Абіралі пераможцаў – тых, каму далі грашовую падтрымку. Праект Гатоўкі апынуўся сярод іх.

Бізнес-інкубатар у Камарове працуе ў межах праекта “Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння і запуску ў Камарове сельскага бізнес-інкубатара”. Гэты праект фінансуе Еўрапейскі саюз, суфінансуе Праграма малых грантаў Амбасады ЗША.

Увасабляюць праект у жыццё таварыствы “Экапартнёрства” і “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”. Бюджэт праекта складае 588 тысяч еўра, 182 тысячы з якіх накіраваныя на падтрымку мясцовых прыватных ініцыятыў.

Фота забяспечанае Аляксандрам ГАТОЎКАМ.

– Хваляваўся больш, чым пры абароне дыплома. Усё ж 10 тысяч еўра  пастаўленыя на кон.

На атрыманую ад Еўрасаюза падтрымку фермер набыў тэхніку для лініі гранулявання. Многае рабілі на заказ упершыню. Абсталяваннем Аляксандр задаволены, сур’ёзных недапрацовак няма.

Лінія дазволіць карміць трусоў свежым кормам без цвілі і рызыкі інфекцый. Фермер будзе ўпэўнены ў якасці і бяспецы сваёй прадукцыі.

Да вясны гаспадар плануе, што на ферме развядзе да 100 самак. Пакуль яго трусоў пераважна купляюць аптавікі. Але Аляксандр упэўнены, што неабходна шырэй прадаваць прыватнікам. Каб кожны мог паласавацца карыснай і спажыўнай трусяцінай.

• Текст доступен на языке: Русский