Год Свінні грукае капытамі ў дзверы. У мінулы раз мы прыгадвалі, якія падзеі прыносіла гэтая жывёла ў рэгіён у розныя гады ў Маладзечне, Вілейцы, Мядзеле, Валожыне. Сёння ўспомнім, што адбывалася ў гродзенскім куце нашага рэгіёна – Ашмянах, Астраўцы, Смаргоні.

1935

Гродзеншчына, а з ёй і згаданыя гарады, уваходзяць у склад Польшчы. На Ашмяншчыне ў Будзёнаўцы ў родавай сядзібе жывуць сыны тагачаснага прадпрымальніка ўладальніка дражджавога завода Лейбы Стругача. Сядзіба была з калонамі, трыма балконамі, тэрасай, з басейнам на двары. Сёння сядзіба – у занядбанні.

Зімой быў вялікі пажар у Гальшанах. Пацярпелі 94 жылыя дамы, у тым ліку школа і пастарунак дзяржаўнай паліцыі, 120 гаспадарчых будынкаў з усім інвентаром і вялікімі запасамі лёну, рукавіц, воўны і збожжа. У полымі згарэлі 15 свіней, конь, пяць кароў і восем авечак. Без дому засталіся 132 сям’і.

1947

Першую прадукцыю выпусціла кардонная фабрыка «Альхоўка», што на Астравеччыне. У Смаргоні пачала працаваць раённая бальніца. А бальніца ў Ашмянах за 1947-1948 год займела рэнтгенаўскі і фізіятэрапеўтычны кабінеты і лабараторыю. Таксама ў Ашмянах адкрылі натарыяльную кантору. Адбылася падзея і ў культурным жыцці Ашмянаў: мясцовы рэжысёр Аляксей Фамін стварыў невялікі драматычны калектыў з энтузіястаў-аматараў. Тут жа запрацаваў завод па вырабе сыру.

У Смаргоні зачынілі касцёл Міхаіла Архангела, пабудаваны ў 16 стагоддзі. За савецкім часам там была крама, выставачная зала, музей. Вернікам яго перадалі ў 1990.

1959

Разбудоўваецца ашмянскі аўтапарк, у 1959 тут з’явілася новая дыспетчарская кантора. Ашмянскаму драматычнаму калектыву прысвоілі званне народнага.

Запусцілі Рачунскае вадасховішча – самы вялікі штучны вадаём на Смаргоншыне. Ад гэтага часу на рацэ Ашмянцы пачала працаваць Рачунская ГЭС. У 1970-х прыпынілася, у 2001 зноў пачала працаваць.

Тэрыторыя Астравецкага раёна павялічылася. У яго ўвайшла частка Свірскага.

1971

У Солах на Смаргоншчыне нарадзіўся Аляксандр Кавалеўскі – майстар спорту СССР, пераможца першынства СССР сярод юнакоў па самба, трохразовы чэмпіён БССР сярод юнакоў.

На лета гэтага года запланавалі запусціць вытворчасць на заводзе “Радыёдэталь” у Астраўцы. Аднак у прызначаны тэрмін не паспелі. Вінаватых звольнілі. А яшчэ ў Астраўцы адкрылі новую сярэднюю школу.

Ад 1971 года ў Ашмянах пачаў працаваць трэнерам па гандболе ўраджэнец горада Віктар Рамулевіч. Пазней ён падрыхтуе алімпійскага чэмпіёна па гандболе Андрэя Барбашынскага.

1983

У Смаргоні з’яўляецца аб’яднанае з некалькіх структур прадпрыемства ЖКГ. А астравецкаму тэатру прысвоілі званне народнага.

1995

У Астраўцы зладзілі першыя чытанні, прысвечаныя памяці Іосіфа Гашкевіча (1814–1875)рускага лінгвіста беларускага паходжання, усходазнаўцы, дыпламата. Ён пахаваны ў вёсцы Малі на Астравеччыне.

У студзені на базе Смаргонскага памежнага атрада адкрылі школу па падрыхтоўцы інструктараў службовых сабак. Цяпер гэта кіналагічны цэнтр.

2007

У пераднавагоднім Астраўцы не склалі ніводнага пратакола па незаконнай высечцы елак перад святам. Моладзевы тэатр «Планіда» ў Смаргоні падрыхтаваў п’есу «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага».

У заключны этап рэспубліканскага фестывалю «Сярэбраны звон цымбалаў» выйшлі ашмянцы. На Астравеччыне з’явіліся новыя аўтобусныя маршруты. У Ашмянах зарэгістравалі тэмпературны рэкорд: 21 жніўня тут быў 31 градус цяпла, 22  жніўня – 30.