Млын напалову разабралі

Даведаўшыся, што разбіраюць стары вадзяны млын у Нарушаўцы, Алесь Варыкіш патэлефанаваў Мікалаю Праўко, старшыні сельгаспрадпрыемства «Гальшаны», на тэрыторыі якога і знаходзіцца гістарычны абʼект.

Алесь Варыкіш, архіўнае фота
Алесь Варыкіш, архіўнае фота

Краязнавец і прадпрымальнік спрабаваў угаварыць спадара Праўко не нішчыць млын, а прадаць яму. Патлумачыў, што збіраецца аднавіць яго і будзе прыводзіць сюды турыстаў. Але спадар Праўко не стаў яго слухаць.

Варыкіш кажа, што млын хоць і не быў пад аховай дзяржавы, але ўсё роўна меў гістарычную каштоўнасць.

«Нам кажуць, каб мы прыцягвалі ў рэгіён турыстаў, але ім жа трэба нешта паказваць. А гэта быў адзін з апошніх драўляных вадзяных млыноў у нашым раёне. То навошта яго нішчыць? Там некалі быў шляхецкі фальварак, можна было паціху ўсё аднаўляць. Я хацеў раней звярнуцца да кіраўніцтва гаспадаркі, каб мне яго прадалі, але не паспеў…», — кажа Свабодзе Варыкіш.

«Не разумею, чаму гэтага было не зрабіць раней?»

Пасля таго як у СМІ з’явілася інфармацыя пра знішчэньне старога млына, старшыня сельгаспрадпрыемства Мікалай Праўко змяніў першапачатковае рашэнне.

Раніцай 16 студзеня ён сказаў Варыкішу, што гатовы перадаць яму будынак старога млына.

Свабодзе Праўко яшчэ 15 студзеня казаў, што папросту выконвае загад зверху і разбірае закінуты гнілы будынак. А пасля сказаў, што нічога супраць агратурызму ў рэгіёне не мае, а наадварот, гатовы спрыяць ягонаму развіццю.

«Я сёння прывёз сюды юрыста, каб вырашылі, якім чынам дакумэнтальна гэта аформіць. Папераў, напэўна, будзе шмат, бо да снежня 2017 году будынак быў на балансе СПК „Гальшаны“, а цяпер яго перадалі ў райвыканкам. Толькі вось не разумею, чаму гэтага было не зрабіць раней, калі будынак дзясяткі гадоў стаяў і гніў…», — сказаў Праўко.

Як захаваць занядбаную спадчыну?

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сказаў Свабодзе, што ўжо стаміўся каментаваць падобныя сітуацыі. Паводле яго, будынак млына, прастаяўшы шмат гадоў, так і не меў статусу гістарычнага помніка.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Ён не апраўдвае кіраўніка гаспадаркі і мясцовыя ўлады, якія пачалі разбіраць млын. Але ставіць пытанне перад рэгіянальнымі краязнаўцамі: чаму яны пачынаюць агучваць праблемы толькі тады, калі пачынаецца руйнаванне? Або цяжка ўнесці прапанову, каб надаць помніку статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?

«У заканадаўстве прапісана, што кожная фізічная соба можа прапанаваць той ці іншы абʼект для ўнясення ў рэестар помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Але ў нас на месцах ніхто гэтага не хоча рабіць. А калі помнік зруйнуюць, пачынаецца лямант», — кажа спецыяліст.

Астаповіч прапануе неабыякавым людзям на месцах абʼяднаць намаганні, каб звяртацца да ўладаў дзеля надання вартым абʼектам статусу гістарычных помнікаў.

«Усё паціху ўдасца аднавіць»

Даведаўшыся пра рашэнне кіраўніка сельгаспрадпрыемства, Алесь Варыкіш не хаваў задавальнення. Тое, што млын стаіць паўразабраны, яго не палохае. Ён перакананы, што «ўсё паціху ўдасца аднавіць» — і помнік стане прывабны для турыстаў. Паводле Варыкіша, на гэта патрэбны час.

• Текст доступен на языке: Русский