Астравец

Дзмітры Івашанка з Астраўца робіць дзіцячыя развіццёвыя цацкі. Дзякуючы бізнес-інкубатару ў Камарове ён атрымаў магчымасць для спраўджвання жаданняў.
Раней у Дзмітрыя быў сталярны цэх, дзе мужчына рабіў сталы, крэслы, табурэткі. Даход ад продажу мэблі быў мінімальны, а працаваць даводзілася шмат. Пачаў шукаць магчымасці для “пракачкі” прадпрымальніцкіх здольнасцяў.

Па парадзе сябра падаў заяўку на ўдзел у школе вясковага бізнесу, якая працуе ў межах бізнес-інкубатара ў Камарове. Заяўку адобрылі. Трапіў у чацверты набор. Сярод 90 ахвотных абралі 16. Дзмітры прыйшоў, каб навучыцца прадаваць мэблю. Але пасля размоў з інструктарам зразумеў – гэта дрэнны варыянт для бізнесу.

– Канкурыраваць мог толькі па якасці, але беларусы яе не вельмі цэняць. За мяжу адпраўляць табурэткі складана з-за памеру.

Калі Дзмітры прыйшоў у школу, прадаваў табурэткі па 50 рублёў за штуку. І думаў, што зарабляе. Але на першай жа сесіі з інструктарам падлічыў, колькі каштуе табурэтка сапраўды. Аказалася, 75 рублёў – і гэта толькі па сабекошце. Каб зарабляць на прадукцыі, адну табурэтку варта прапаноўваць за дзвесце. А каму я прадам за такія грошы, – смяецца Дзмітры.

Таму вырашыў рабіць на продаж дзіцячыя цацкі.

Фота забяспечанае Дзмітрыем Івашанкам.

Разлічвае выйсці на міжнародны рынак

– Драўляную машынку ў Беларусі магу прадаць мінімум за 20 рублёў, каб гэта было мне выгадна. Сумняюся, што будзе вялікі попыт. Такая  машынка ў Германіі каштуе 40 еўра. У Амерыцы – 40 долараў.

Дзмітры кажа, што навучанне ў школе на 70-80% змяніла яго ўяўленне пра прадпрымальніцтва.

– Школа была адкрыццём для мяне, вучыўся ўзахлёб, удзячны арганізатарам, якія прывезлі да нас вядучых прадпрымальнікаў. Самае класнае, што вучылі не прафесары, якія ведаюць тэорыю, а сапраўдныя бізнесмены. Трэнераў “мучыў” пытаннямі і пасля заняткаў, у неафіцыйнай абстаноўцы. Інфармацыя, якую атрымаў, абавязкова дапаможа ў будучыні.

Фота забяспечанае Дзмітрыем Івашанкам.

Выйграў 5000 еўра

Па выніках школы мужчына прадставіў свой бізнес-праект і выйграў грант ад ЕС у памеры 5000 еўра. На яго набыў фрэзерны станок з лічбавым праграмным упраўленнем. Праграмы для будучых цацак піша сам.

Бізнес-інкубатар у Камарове дзейнічае ў межах праекта “Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння і запуску ў Камарове сельскага бізнес-інкубатара”. Гэты праект фінансуе Еўрапейскі саюз, суфінансуе Праграма малых грантаў Амбасады ЗША. Увасабляюць праект у жыццё таварыствы “Экапартнёрства” і “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”.

Івашанка атрымаў станок 1 снежня, хаця планаваў раней, каб пачаць прадаваць цацкі да Новага года. Нават брэнд прыдумаў – “Тата Дзіма”. Пакуль вучыцца працаваць на станку. Робіць прататыпы цацак – вырабы, якія яшчэ можа змяніць. І адпраўляе знаёмым, кажа, тым падабаюцца.

Падчас працы ў сталярным цэху ён вырабляў цацкі для сваіх дзяцей. Пяць-шэсць гадзін сыходзіла на адну. Адна справа, калі робіш не на продаж, кажа Дзмітры. Іншая – пусціць выраб цацак на паток. Уласнаруч будзе нявыгадна. А станок робіць той жа самалёцік за 30 секунд.

Фота забяспечанае Дзмітрыем Івашанкам.

Развіць дзяцей можа любая рэч

– Першапачаткова мая ідэя – драўляны канструктар. У Беларусі пакуль не знайшоў яму аналагаў. Падобны па прынцыпе дзеяння да набору для мадэлявання з фанеры. Пакупнік атрымае набор з драўлянымі запчасткамі для будучай цацкі, клей, пэндзаль. Дзіця зможа расфарбаваць і склеіць цацку, як захоча. Разбірацца выраб больш не будзе.

Мужчына ўпэўнены, што развіваць дзіця можа ўвогуле любая рэч, якая трапіць у рукі. Аднойчы яго сыны нашкодзілі, іх паставілі ў куты. Адзін трапіў у кут з абуткам. Праз пяць хвілін адны тапкі стаялі салдацікамі, другія – танкамі. І паўгадзіны дзіця камфортна гуляла з імі.

– У мяне тры сыны. Па іх бачу, чым прасцей цацка, тым лепш. Колькі было машынак на пульце, не расказаць. Кожны лічыць абавязкам яе падарыць. Так, машынка ездзіць туды-сюды. Але ўвагі дзяцей хапае на паўгадзіны. Драўляныя кубікі, якія я зрабіў два гады таму, да гэтага ў ходзе. Хаця і пабітыя ўжо. Маніць не буду, іх любімая цацка – “Лега”. Але і драўляныя карыстаюцца попытам.

Фота забяспечанае Дзмітрыем Івашанкам.

Як робіць цацкі

Дзмітры робіць цацкі з рознага дрэва. Добра падыходзіць клён – валакністы і мяккі, бук, ліпа. Сасна і елка надзвычай мяккія, расказвае Дзмітры. Дуб добры для мэблі, але цацкі з яго рабіць нельга. Пры пашкоджанні часта ўзнікаюць вострыя сколы. Хоча зрабіць цацкі з фруктовых дрэў.

Як будзе выглядаць выраб,  пакуль прыдумвае сам. А ў будучым колер і форму цацкі будзе падбіраць прафесійны дызайнер. Вырабы фарбуе ўласнаруч нямецкай сертыфікаванай фарбай на воднай аснове.

– Ёсць такое назіранне. Просты чалавек бачыць на вуліцы людзей, машыны, будынкі. А прадпрымальнік бачыць грошы. Мы ўвесь час нешта набываем, не бывае дзён без пакупак. Гляджу цяпер рэкламу і бачу маркетынгавыя хады. Нават банальнае перакрэсліванне цаны – фіктыўныя зніжкі – працуе і дагэтуль. Дзякуй за тое, што далі магчымасць разабрацца ў структуры рынку.