Падарункі для родных і сяброў, упрыгожанні для дома і офіса, прадукты для святочнага стала, салюты і хлапушкі. Столькі ўсяго трэба паспець купіць перад святамі – думаюць многія з нас. Але ці сапраўды трэба? Ці насамрэч усе гэтыя рэчы прынясуць радасць? І якая частка з купленага ў выніку апынецца ў сметніцы?
Эксперты Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск) Марыя Сума і Наталля Блышчык дапамагуць нам пабачыць, які след у экалогіі мы пакідаем, адзначаючы зімовыя святы. І адкажуць на галоўнае пытанне  – як можна яго паменшыць.

Елка. Натуральная ці ўсё ж штучная?

Зімовыя святы пачынаюцца менавіта з зялёнай прыгажуні. Якую б елку вы не выбралі, заўсёды будуць свае плюсы і мінусы.

 – Штучная елка – гэта, вядома, пластык. Прычым адзін з самых небяспечных, які не перапрацоўваецца ў Беларусі, – кажа Марыя Сума. – Але з іншага боку гэта прадукт шматразовага выкарыстання. Калі ваша штучная елка служыць вам ужо гадоў 20, то гэта добрае рашэнне.

Натуральнае дрэўца  ў сваю чаргу праслужыць толькі адзін раз, але прынясе ў кватэру пах хвоі і атмасферу свята. Калі вы абіраеце жывую елку, то набывайце яе на ёлачных базарах, а не з рук. Тады будзе пэўнасць, што дрэўца паходзіць з плантацый, дзе елкі вырошчваюцца адмыслова для святаў.

Марыя Сума.

– Ёсць і альтэрнатывы, – дадае эксперт. – Можна пасадзіць елку ў двары і ўпрыгожыць яе разам з суседзямі – заадно наладзіць добрыя адносіны. Можна набыць елку ў кадцы і пасля святаў высадзіць у двары. Так, елкі не заўсёды прыжываюцца, але, магчыма, вам пашчасціць. Можна зрабіць елку самім з чаго заўгодна – кардону, галінак, тканіны. А калі ўсё ж хочацца паху хвоі – зрабіць букет ці вянок з елачных галінак.

Упрыгожванні. Без бліскавак, стразаў і пластыку

– Ведаеце, што я бачу, калі гляджу на прылаўкі крамаў, заваленыя мішурой, таннымі цацкамі і агеньчыкамі? – пытаецца Наталля Блышчык. – Звалку, звычайную гарадскую звалку. Бо менавіта там праз месяц будуць ляжаць гэтыя цацкі. Мы згубілі адчуванне свята, якое ідзе знутры. Мы ўсё больш звязваем яго са знешнімі атрыбутамі – упрыгожваннямі.

Купіць ёлачны шарык можна за капейкі. Ён не паб’ецца, бо зроблены з пластыку, і пераліваецца, бо пакрыты бліскаўкамі. Але спецыялісты раяць глядзець глыбей.

Наталля Блышчык.

– Танныя ўпрыгожванні – гэта свінец у фарбах, мікрапластык і фармальдэгід, – нагадвае Марыя. – Выбірайце ёлачныя цацкі ў крамах, дзе вам могуць паказаць сертыфікат якасці. Пазбягайце цацак, якія маюць моцны пах і пасля якіх на руках застаюцца сляды фарбы і бліскаўкі. Яны зробленыя з небяспечных матэрыялаў.

І калі шарык яшчэ можна выкінуць у кантэйнер для пластыку, то бліскаўкі з хлапушак застануцца на зямлі. Яны раскладуцца на мікрапластык, разам з талым снегам патрапяць у сцёкавыя воды, адтуль – у рэкі, дзе іх з’ядуць рыбы. І разам з рыбамі вернуцца ў нашыя талеркі.

– Да ўсяго трэба ставіцца з розумам, – кажа Наталля. – Калі вы купілі танныя пластыкавыя цацкі і павесілі іх дома над свечкамі, то добры дзень, ракавыя захворванні! Падтрымайце лепш беларускіх рамеснікаў, якія робяць цудоўныя рэчы з дрэва і паперы.

Ежа. Не гатуйце на роту салдат

Наўрад ці сярод нас знойдуцца тыя, хто ні разу не выкідаў ежу, якая засталася пасля святаў.

Кожная гаспадыня мае свае хітрыкі, каб пазбегнуць гэтага. Не запраўляць маянэзам адразу ўвесь салат, а толькі часткамі. Замарозіць садавіну, якая засталася. Але гэта – барацьба з наступствамі. Лепш зрабіць так, каб да гэтых хітрыкаў не дайшло.

–  Спісы – гэта наша ўсё! Разлічвайце колькасць прадуктаў на колькасць гасцей і хадзіце ў краму са спісам, – нагадвае Наталля. – Старайцеся набываць прадукты без упакоўкі і правільна іх захоўваць.

Памятайце пра сезоннасць. Лепей адмовіцца ад кавуна і клубніц за навагоднім сталом, а пераключыцца на хурму, мандарыны і гранаты. Так будзе лепей і для здароўя, і для кашалька, і для экалогіі.

Адмоўцеся ад аднаразовага посуду нават калі на ім стаіць знак, што пластык перапрацоўваецца. Так, у некаторых краінах перапрацоўваецца, але ў Беларусі ён пойдзе на звалку.

– Пластык, з якога робяць посуд, вельмі тонкі, – тлумачыць Наталля. – Перапрацоўшчыку трэба сабраць яго некалькі тон, каб быў сэнс спыніць працэс і перанастроіць абсталяванне на тонкі матэрыял. Гэта для яго неапраўданыя часавыя затраты.

Каб уяўляць сабе маштаб праблемы пластыку, дастаткова некалькіх лічбаў. Калі ў 1972 годзе ў Беларусі ўтварылася 4,5 мільёна кубаметраў бытавых адходаў, то ў 2002 годзе – 10 млн., а ў 2017 – 20 млн. І толькі 9% пластыку, які выкідвалі беларусы ад 1950 года, пайшло на перапрацоўку. Астатні 91% дагэтуль ляжыць на палігонах.

 Піратэхніка. Лепш назіраць за салютам з акна

Спіс шкодных рэчываў, якія ўваходзяць у склад піратэхнікі, не змесціцца на адной старонцы. Сярод іх шмат цяжкіх металаў – медзь, свінец, ліцій, мыш’як. Яны не толькі трапляюць у навакольнае асяроддзе, але і ўдыхаюцца тымі, хто запускае салют. Да таго ж яны маюць ўласцівасць назапашвацца – і ў прыродзе, і ў арганізме.

Эколагі нагадваюць і пра траўматычнасць піратэхнікі – летась падчас навагодніх святаў ад яе пацярпела 5 беларусаў, а яшчэ 60 па ўсёй краіне звярнуліся па медыцынскую дапамогу пасля яе выкарыстання.

– Калі вам так хочацца навагодняга цуда, то стварыце яго самі, – рэкамендуе Марыя. – Напрыклад, як жыхары шведскага горада Упсала, якія стварылі на Каляды “Сцяну дабрыні”. Сцяна стаяла на вуліцы і была ўся ў вешалках. На ёй можна было пакінуць адзенне, якое некаму непатрэбнае, але можа спатрэбіцца іншым.

Навагоднія святы – гэта цудоўны і магічны час. Але ў святочнай спешцы не забывайцеся спыніцца і паслухаць сябе – што вам сапраўды трэба і што робіць вас шчаслівымі? Магчыма, адзіная патрэбная вам на гэты момант рэч – гэта зусім не рэч. Не новая гірлянда і не стол на пяцьдзесят страў, а проста спячы ўсёй сям’ёй пірог па бабуліным рэцэпце ці ўрэшце зрабіць сваімі рукамі калядны вянок на дзверы.

Як выбраць экалагічныя падарункі, якія не зашкодзяць прыродзе

• Текст доступен на языке: Русский