подарок

Мы падрыхтавалі для вас 10 парадаў ад экспертаў.

  1. Набывайце патрэбнае. Не саромейцеся пытацца ў родных і сяброў, чаго яны самі хочуць.

    І кажыце іншым, чаго хочацца вам. Адмоўцеся ад фразы “хай і абы-што, але ж які-неякі падарунак”.

  2. Дарыце эмоцыі і ўражанні. Білеты ў кіно і тэатр, сертыфікаты на працэдуры і майстар-класы, абанементы на заняткі прынясуць уладальніку куды больш пазітыўных эмоцый, чым чарговая статуэтка.
  3. Памятайце пра дабрачыннасць. Калі вы хочаце зрабіць прыемнае сябру, але ні ў яго, ні ў вас няма ідэй для падарунка, пералічыце грошы ад яго імя на падтрымку важнага праекта.
  4. Дарыце падарункі без упакоўкі або запакоўвайце ў паперу ці тканіну. Адмоўцеся ад блёстак, стразаў і пластыкавых пакетаў.
  5. Купляйце мясцовае.

    Падтрымайце рублём мясцовых майстроў і рамеснікаў, яны найчасцей працуюць з натуральнымі матэрыяламі. Гэта куды лепш, чым набываць тавар кітайскага мас-маркету.

    Апошні будзе не толькі сумніўнай якасці, але да таго ж на яго транспарціроўку ў Беларусь трацяцца сотні літраў паліва.

  6. Прыглядзіцеся да эка-падарункаў. Сяброўка любіць каву і бярэ на вынас? Купіце ёй якасны тэрмакубак. Сябра любіць набываць садавіну на рынку? Набудзьце яму палатняныя торбачкі, з якімі зручна хадзіць за пакупкамі.

    Скарыстайцеся сілай свята, каб перацягнуць знаёмых на бок экалагічнага ладу жыцця.

  7. Рабіце сваімі рукамі. Калі яны растуць з правільнага месца – грэх гэтым не скарыстацца! А сябры ацэняць эксклюзіўнасць падарунка.
  8. Давайце рэчам другое жыццё. Калі вашы сябры і родныя не маюць нічога супраць былых у карыстанні рэчаў, то не абыходзьце бокам сэканд-хэнды, камісіёнкі і букіністычныя крамы.
  9. Падарыце сваю дапамогу.

    Умееце збіраць мэблю, садзіць дрэвы ці працаваць на швейнай машынцы? Падарыце свой час і дапамогу!

  10. Дамоўцеся, што на працы будзеце не дарыць, а дзяліцца. Перад святамі арганізуйце свой фры-маркет. Хай кожны прынясе з дому рэчы добрай якасці, якія ляжаць дома без патрэбы. Ёсць вялікая верагоднасць таго, што ваша форма для выпякання, якая пыліцца на кухні ўжо два гады, спатрэбіцца калезе.

Як не ператварыць навагоднія святы ў навагоднюю звалку