На Віцебшчыне завяршыўся суд над 51-гадовым мужчынам, які наняў выканаўцу, каб адпомсціць 21-гадовай дзяўчыне. У маі аўтамабіль, за рулём якога была дзяўчына, трапіў у аварыю. У тым ДТЗ загінулі двое падлеткаў. Адзін з загінулых быў сынам мужчыны.
Нягледзячы на тое, што дзяўчыну асудзілі, мужчына вырашыў адпомсціць ёй за гібель дзіцяці. Ён наняў чалавека, які павінен быў скалечыць яе. Па ўмовах здзелкі, за ганарар у 1000 даляраў выканаўца павінен быў асляпіць дзяўчыну і пазбавіць яе рук і ног, піша kp.by.

Заказчыку паказалі фота ахвяры з целавымі пашкоджаннямі. Пра тое, што гэта быў фотамантаж, мужчына не здагадаўся і пагадзіўся аплаціць «працу». Яго затрымалі праваахоўныя органы.

Спачатку мужчыну абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да забойства, пазней абвінавачванне перакваліфікавалі. Суд прызнаў яго вінаватым у падрыхтоўцы да наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, здзейсненага спосабам, якія носяць характар пакуты і катаванні, па найму. Мужчыну асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамілі ў прэс-службе Віцебскага абласнога суда.

 

• Текст доступен на языке: Русский