Зубр

1 студзеня каля 18:30 на аўтадарозе Гродна – Азёры зубр загінуў ад сутыкнення з двума аўтамабілямі. Форд рухаўся з боку абласнога цэнтра. Ля вёскі Стрыеўка на шляху ў кіроўцы апынуўся зубр.

Кіроўца рэзка націснуў на педаль тормазу, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Пасля ўдару жывёла ўстала і працягнулі рух. У гэты час з боку Азёраў ехаў Опель. Кіроўца гэтага аўто таксама не здолеў пазбегнуць сутыкнення. Пасля другога ўдару зубр памёр на месцы.

На месца ДТЗ прыбылі супрацоўнікі ДАІ і” хуткай”. Кіроўцу Форда агледзелі на месцы і адпусцілі, кіроўцу  Опеля шпіталізавалі. Яго жыццю нічога не пагражае. Транспартныя сродкі атрымалі значныя тэхнічныя пашкоджанні, і, хутчэй за ўсё, аднаўленню не падлягаюць.

Нагадаем, у студзені 2018 каля Стрыеўкі зарэгістравалі першы выпадак, калі збілі насмерць зубра. Пасля гэтага выпадку на дадзеным участку дарогі ўсталявалі папераджальныя знакі, што на дарозе магчыма з’яўленне дзікіх жывёл.

СВК «Азёры» разводзіць зуброў ад 1999 года. Цяпер пагалоўе тут – амаль 200 зуброў, гэта адна з самых буйных папуляцый гэтых жывёл у Беларусі. Усе зубры на вольным выпасе, і цалкам магчыма, што яны могуць выходзіць да дарогі. Гэта дзікія жывёлы, якія не абмежаваныя вальерамі.

Зубры, згодна з пастановай Савета Міністраў, адносяцца да дзікіх жывёлаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, і знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.

ДТЗ адбылося на ўчастку дарогі, дзе ўсталяваныя папераджальныя знакі. Кіроўцам пагражае буйны штраф. «Кошт» буйной жывёлы па законе складае 400 базавых велічынь. Аднак гаворка ідзе пра ўключаных у Чырвоную кнігу жывёл, таму сума павялічваецца ў тры разы – да 1200 базавых велічынь (30,6 тысячы рублёў, ці амаль 14,3 тысяч долараў у эквіваленце).

Аднак Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь мікрапапуляцыі зуброў нададзены розны статус. Для зуброў, якія жывуць у запаведніку і нацыянальных парках – статус асноўнага (страхавога) генафонду. Для зуброў, якія жывуць на іншых тэрыторыях рэспублікі – рэзервовага генафонду. Ад таго, якое рашэнне прыме ДАІ да якой папуляцыі адносіцца зубр, будзе залежаць памер штрафу.