У Мядзельскім касцёле Маці Божай Шкаплернай знайшлі замураваныя мошчы святых і старыя парафіяльныя запісы, піша euroradio.fm са спасылкай на польскі сайт fakty.interia.pl.
Іх схавалі ў 1940 годзе, каб зберагчы ад знішчэння з прыходам савецкай улады. У часы СССР у храме быў склад штучных угнаенняў. Сёння касцёл вярнулі вернікам.

Ксёндз Юрый Кулай распавёў, што звесткі аб схаванай скрынцы знайшліся ў адным з кракаўскіх архіваў. У нішы ў сцяне ляжалі кнігі XIX стагоддзя – гэта былі парафіяльныя рэгістры хрышчэнняў, шлюбаў і памерлых мецэнатаў.

Акрамя таго, у нішы былі царкоўныя рэліквіі. Гэта мошчы святой Цэцыліі, якая жыла ў II стагоддзі. Таксама там захоўваліся рэліквіі святой Тэрэзы. Пры іх былі дакументы, якія пацвярджаюць сапраўднасць ўсіх рэліквій. Па словах Юрыя Кулая, гэта адны з самых старажытных рэліквій у Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский