Генадзь Каханоўскі

Падборка гістарычных падзей Павілля гэтага тыдня.

4 студзеня

6 студзеня

1892. Нарадзіўся Адам Станкевіч (в. Арляняты, цяпер Смаргонскі раён), рымска-каталіцкі святар, грамадска-культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, літаратуразнаўца, выдавец, публіцыст.

2004. 15 гадоў назад у Нью-Ёрку памёр Янка Юхнавец, пісьменнік, дзеяч эміграцыі ў ЗША. Паводле ягонага тастаменту, цела было спаленае, а попел развеяны ў Нью-Ёрку.

1610. Памёр Андрэй Волан, вялікалітоўскі палітычны дзеяч, філосаф, ідэолаг рэфарматараў-евангелістаў, пісьменнік, сакратар Мікалая Радзівіла Рудога, каралёў Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Вазы. Пахаваны ў Біюцішках.

Нарадзіўся ў 1530 годзе ў маёнтку Біюцішкі, цяпер Ашмянскі раён.

Па заключэнні Люблінскай уніі шматразова абіраўся паслом на сойм Рэчы Паспалітай ад Ашмянскага павета.

За часам Стэфана Баторыя стаў «ганаровым» каралеўскім сакратаром, часта быў пасярэднікам паміж каралём і шляхецкімі соймікамі, выконваў важныя дыпламатычныя місіі ў Інфлянты, Аўстрыю, Маскоўскую дзяржаву.

У 1595 быў у Маскве ў якасці пасла разам з Львом Сапегам.

7 студзеня

1917. Нарадзіўся Святаслаў Коўш (мястэчка Ілья, цяпер Вілейскі раён), праваслаўны святар, пісьменнік, дзеяч эміграцыі ў Германіі і ЗША.

1991. Памёр Кандрат Крапіва (сапр. Атраховіч), драматург, паэт, мовазнавец. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

8 студзеня

 

1879. 140 гадоў з дня нараджэння Флягонта Валынца (г. Вілейка), дзеяча заходнебеларускага нацыянальнага руху. У 1897 годзе скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Ад лістапада 1917 года – гарадскі галава Вілейкі, ад лютага 1918 – старшыня гарсавета. У час нямецкай акупацыі абраны жыхарамі горада бургамістрам.

Летам 1920 года быў старшынёй рэвалюцыйнага камітэта Вілейкі.

Арыштоўваўся два разы. Расстраляны ў Карэла-Фінскай АССР 27 лістапада 1937 года ці 9 кастрычніка 1941 года.

Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах 16 жніўня 1956 года.

1894. 125 гадоў назад нарадзіўся Максіміліян Кольбэ (г. Здуньска Воля, цяпер Лодзінскае ваяводства, Польшча), рэлігійны дзеяч, святы каталіцкай царквы, замучаны ў фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры.

У 1922-1927 гг. служыў у Гродзенскім кляштары францішканцаў.