Хакей

У абавязках Андрэя – ўзаемадзеянне са СМІ і грамадствам, праца ў сацсетках, інфармаванне Федэрацыі хакея і каманд супернікаў аб выніках матчаў, прадастаўленне фота і відэаматэрыялаў. Па словах Андрэя, дзякуючы гэтай працы ён пазнаёміўся з многімі добрымі людзьмі, якія працуюць у сферы спартыўнай журналістыкі.
Першы раз калегі па працы выцягнулі Андрэя Рагінскага на хакей сем гадоў таму.  Мінскае “Дынама” гуляла з “Ак Барс”.  

– Гэта быў першы аншлаг на Мінск-Арэне – каля 15 тысяч чалавек, гэта была вельмі цяжкая перамога 6:5 ў авертайме. І ўсё, я закахаўся. Калі ў 2014 годзе стала вядома, што ў горадзе будзе свая каманда, быццам узняўся ад кахання.

Даведка “РГ”: Авертайм – час, што назначаецца ў ходзе спартыўнага спаборніцтва ў выпадку, калі на працягу асноўнага часу вызначыць пераможцу не ўдалося.

Спачатку Андрэй проста хадзіў на матчы, заўзеў, перажываў. Праз некаторы час “закаханыя” заўзятары сталі абядноўвацца. Ездзілі на выезды, падтрымлівалі каманду дома. Андрэю даводзілася шукаць транспарт на выезды, атрыбутыку заўзятарам.  Знаходзіў магчымасці зрабіць прыгожыя сцягі, расцяжкі, замаўляў, каб годна прадстаўляць любімую каманду. Паралельна вёў акаўнты ў сацсетках, дзяліўся карыснай інфармацыяй і сваімі разважаннямі.

Фота забяспечанае Андрэем Рагінскім.

Як стаў працаваць у прэс-службе

Сёлета “зубры” з фарм-клуба мінскага “Дынама” ператварыліся ў незалежную каманду. Па слова Андрэя, заўзятары Маладзечна засталіся зусім без інфармацыі аб камандзе.

Даведка “РГ”: Фарм-клуб – каманда, якая з’яўляецца рэзервовай для асноўнай каманды.

– Вырашыў залатаць інфармацыйныя дзіркі, стаў збіраць інфармацыю, і даводзіць навіны да заўзятараў. Хацеў нешта рабіць добра і прыгожа, таму было не ў цяжар. Неўзабаве ў ліпені мяне запрасіў дырэктар клуба. Сказаў, яго задавальняе тое, што я раблю. Прапанаваў рабіць на палову стаўкі тую ж працу, але ўжо ў якасці прэс-сакратара каманды. Работа цікавая, творчая.

У абавязках – ўзаемадзеянне са СМІ і грамадствам, праца ў сацсетках, інфармаванне Федэрацыі хакея і каманд супернікаў аб выніках матчаў, прадастаўленне фота і відэаматэрыялаў. Па словах Андрэя, дзякуючы гэтай працы ён пазнаёміўся з многімі добрымі людзьмі, якія працуюць у сферы спартыўнай журналістыкі.

Фота забяспечанае Андрэем Рагінскім.

Пашкодзіў руку, калі “зубры” прайгралі

– Хакей на арэне гляджу адным вокам. Цяпер ужо іншыя эмоцыі, матч успрымаецца як праца.

Але прызнаецца, што падчас матчу 27 снежня з “Юнацтвам” ад эмоцый ўтрымацца ўсё ж не ўдалося. “Зубры” прайгравалі 1:0 і за тры хвіліны да канца зраўнялі лік. А потым за 12 секунд ім забілі гол. “Не ўтрымаўся, мы ж адна сям’я, урэзаў па шклу, цяпер рука баліць”, дзеліцца мужчына.

У працы Андрэю дапамагае заўзятарка Лізавета Радчанка, якая раней танцавала ў групе падтрымкі. Дзяўчыне 16 гадоў, па словах мужчыны, працуе на чыстым энтузіязме. Фатаграфуе, робіць інфаграфіку, вядзе тэкставыя трансляцыі матчаў у сацсетках.

У Андрэя гэта праца не асноўная. Акрамя хакейнага клуба ён зарабляе грошы на адным з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў горада ў аддзеле матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Фота забяспечанае Андрэем Рагінскім.

Стаў на канькі за тры месяцы да гульні

Сам Андрэй на канькі першы раз у жыцці ўстаў два гады таму і толькі з адной мэтай. Ён марыў пагуляць з хлопцамі з “Дынама” на матчы закрыцця сезона падчас таварыскага матча.

– За тры месяцы да гульні пачаў асвойваць канькі. Перагледзеў шмат відэаўрокаў, прасіў трэнераў з дзіцячай юнацкай спартыўнай школы дапамагчы, правільна паставіць на лёд. Пераадолеў свае страхі, купіў канькі і наперад. Атрымалася, вядома, камічна, але я гэта зрабіў. Толькі падчас гульні зразумеў, што амаль не ўмею катацца, там трэба вельмі хутка рэагаваць. Канешне, гуляў у дзяцінстве ў “хакей на зямлі”, час быў, машын у двары –  не. Але, зразумела, гэта непараўнальна.

Катацца Андрэй працягвае. Прызнаецца, што ў офісе ў яго нават ляжаць канькі.

Фота забяспечанае Андрэем Рагінскім.

Перамаглі сярод балельшчыкаў

Сын Андрэя Аляксандр і жонка Марына таксама цікавяцца хакеем. Аляксандр у 12 гадоў не толькі наведвае гульні, але і ўдзельнічае ў мерапрыемствах. Летась, напрыклад, дапамагаў у конкурсах, што праводзяцца ў перапынках.

Жонка Марына падтрымлівае працу мужу і на арэне, і дома. Часам замест мужа пасля матчаў яна аператыўна пераводзіць інфармацыю з прэс-канферэнцый  у тэкст.

– Пару гадоў таму праводзіўся конкурс “Мы Дынама, мы сям’я”. Змаганне праходзіла сярод сем’яў балельшчыкаў. Ладзілі эстафеты, гульні. Наша сям’я перамагла.

Прымаў у хаце “дынамаўскага” Дзеда Мароза

У тым жа 2016 дзеці балельшчыкаў перад Новым годам пісалі вішнаванні хакеістам “зуброў”.

– Саша таксама напісаў. Сядзім дома, званок у дзверы. За імі – дзяўчыны з групы падтрымкі “зуброў” і хакеіст Ягор Воранаў, які пераапрануўся ў Дзеда Мароза. Было вельмі нечакана і прыемна.