«Свабодзе» паказалі ўнікальныя мошчы святых, самыя старажытныя з якіх адносяцца да ІІІ стагодздзя нашай эры. Іх знайшлі ў касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле. Рэліквіі разам са старымі метрычнымі кнігамі былі замураваныя ў касцельнай сцяне ў 1940-я гады.
«Вядома, гэта цуд, што мошчы захавалася ў касцёле», — кажа айцец Юры Кулай, настаяцель кляштара кармелітаў босых у Мядзеле.
На гэтым тыдні стала вядома, што ў мядзельскім касцёле знайшлі ўнікальныя мошчы і метрычныя кнігі. Яны былі замураваныя ў верхняй частцы сцяны касцёла.
Касцёл у Мядзеле. Пабудаваны ў 1754 годзе.
Пра магчымы тайнік стала вядома яшчэ ў 2018 годзе, калі архівіст орддзену кармэлітаў у Кракаве знайшоў запіску манаха з Мядзела. У ёй было напісана, дзе замураваныя мошчы. Мінулай восенню рабочыя мянялі праводку на верхнім ярусе касцёла і знайшлі нішу з мошчамі святой Цэцыліі, папы Рымскага Грыгорыя І Вялікага і святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Усе яны былі перададзеныя касцёлу ў 1930-я гады. Сьвятая Цэцылія лічыцца апякункай музыкаў. Яна жыла ў ІІІ стагодзьдзі ў Рыме, навяртала паганцаў у хрысціянства.
У тайніку аказаліся таксама мэтрычныя кнігі аб нараджэньні і шлюбах першай паловы 19 стагоддзя, а таксама з 1931 па 1942 год.
Мошчы знайшлі ў сцяне на верхнім ярусе касцёла.
Мошчы з сэртыфікатамі захоўваліся ў бляшанцы ад гарбаты. Таксама там была запіска ад манаха:
«17 лютага 1940 годe. Дзеля захаваньня ад апаганьваньня і верагоднага зьнішчэньня».
Імя манаха, які схаваў мошчы і кнігі, пакуль невядомае. Імаверна, ён заставаўся ў Мядзеле да 1942 года, якім датуюцца апошнія запісы ў метрычнай кнізе.
«Найбольш верагодна, што гэта быў адзін з братоў ордэна кармелітаў, — кажа айцец Юры. — Святары выехалі яшчэ да прыходу Саветаў. А манахі заставаліся падтрымліваць парафію».
Айцец Юры Кулай кажа, што да канца не было зразумела, ці захаваліся мошчы ў касьцёле. За савецкім часам храм зачынілі і зрабілі ў ім склад хімічных угнаеньняў.
Мошчы знаходзіліся ў скрынцы ад гарбаты.
«Не было ўпэўненасці, ці захавалася на самой справе. Бо касцёл столькі гадоў стаяў без вокнаў і дзвярэй. Тут жах што рабілася. Нават трымалі свіней у часы Хрушчова», — кажа ксёндз.
Знойдзеныя ў сцяне мошчы належаць касцёлу. Для іх набудуць рэлікварый — адмысловую скрыню для захавання — і будуць вымаць у дні святых.
Айцец Юры Кулай
«Яны застануцца тут, і вернікі будуць іх ушаноўваць. Напрыклад, дзень святой Цэцыліі — 22 лістапада», — сказаў айцец Юры.
Метрычныя кнігі таксама пакуль застануцца ў касцёле.
Нататка ад невядомага манаха, які схаваў мошчы ў 1940 годзе.
Касцёл у Мядзеле быў збудаваны ў 1754 годзе. Ад часу заснавання і па сёння ён належыць ордэну кармэлітаў. Храм мае асаблівую архітэктуру, бо быў спраектаваны на ўзор купала базілікі Маці Божай Шкаплернай на гары Кармэль у Хайфе ў Ізраілі — менавіта там зарадзіўся ордэн кармелітаў у 12 стагодздзі.
Касцёл у Мядзеле быў зачынены пасля Другой сусветнай вайны. Першае набажэнства пасля вяртання храма вернікам прайшло на сьвята Божага нараджэння ў 1989 годзе.
• Текст доступен на языке: Русский