Супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС знайшлі ачаг самагонаварэння ў вёсцы Скавародкі.

Вытворчасць мясцовы жыхар наладзіў у хляве. Па аператыўных дадзеных, у ходзе агляду гаспадарчай пабудовы на прыватным падворку знайшлі самагонны апарат і 941 літр гатовай брагі.

Каб вывесці абсталяванне для вырабу спіртнога аператыўнікам спатрэбілася дапамога мясцовага сельгаспрадпрыемства. Брагу, якую захоўвалі ў металічнай бочцы ў хляве, знішчылі.

Гаспадаром «бізнесу» аказаўся непрацуючы 29-гадовы мясцовы жыхар

Па словах жонкі, самагонны апарат ён паставіў у хляве ў канцы снежня мінулага года. Вядома, што фігурант раней ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за аналагічныя правапарушэнні. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.