Сёлетняя зіма ў Беларусі палохае навінамі пра трагедыі падчас катання са снежных горак на цюбінгах. А якая сітуацыя з дзіцячым зімовым траўматызмам у Маладзечне і пра што трэба ведаць бацькам, якія адпраўляюць дзяцей на горку з цюбінгам, нам распавёў доктар-траўматолаг Аляксандр Запрудскі з Маладзечна.
І ўсё ж летам траўмаў больш, чым зімой
Аказваецца, колькасць траўмаў, якія дзеці атрымліваюць зімой, пры ўсёй разнастайнасці і небяспечнасці снежных забаў, меншая, чым летам. Усё ж летам – тры месяцы канікулаў і дзеці куды даўжэй знаходзяцца без бацькоўскага нагляду. Нават двухтыднёвы дзіцячы адпачынак зімой не перакрывае па колькасці лета.
З якімі ж пашкоджаннямі ў дзяцей часцей за ўсё сутыкаюцца медыкі зімой? Перш за ўсё, перыферычныя траўмы, ад якіх церпяць суставы рук і ног, – пашкоджанні перадплечча і галёнкаваступнёвага сустава. Вінаваты ў гэтым галалёд.
Пераважна звяртаюцца з ударамі, расцяжэннем звязак, пераломамі. Сюды ж дадаюцца раны, атрыманыя падчас падзення. Аднак сёлета, па словах доктара, вялікага ўсплёску галалёдных траўмаў сярод дзяцей няма.
Траўмаў на каньках менш, бо ёсць лядовая арэна
У Маладзечне ёсць лядовая арэна. Таму з пашкоджаннямі, атрыманымі падчас катання на каньках, звяртаюцца значна радзей, чым у іншых гарадах рэгіёна.
– На лядовай арэне ўсё адносна бяспечна і арганізавана. Няма стыхійнасці, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. – А значыць, выйсці адтуль з пераломам або расцяжэннем куды менш шанцаў. Таму пераломы ад хакея і фігурнага катання ў Маладзечне – адзінкавыя.
Сёлета ёсць ужо пералом, атрыманы на лыжах. Дзяўчынка-падлетак каталася з горкі. Пяць разоў з’ехала добра, а шосты раз скончыўся пераломам нагі. Наперадзе – працяглае лячэнне і навучанне дома.
Гэтыя жахлівыя цюбінгі
Сёлета шмат жахлівых навін пра цяжкія калецтвы і нават смерці, што здараюцца падчас катання на цюбінгах – надзіманых санках, або «бубліках», «пончыках», «ватрушках», як іх яшчэ называюць. Што думае доктар пра катанне на гэтай прыладзе?
– Няшчасныя выпадкі з цюбінгамі здараюцца на непадрыхтаваных пляцоўках і калі дзеці катаюцца без нагляду дарослых, – кажа Аляксандр Запрудскі.
Вельмі важна, лічыць доктар, устанавіць узроставае абмежаванне ў карыстанні цюбінгам. Ні ў якім разе нельга катацца на гэтай прыла дзе дзіцяці, якому няма 12-14 гадоў.
Цюбінг развівае вялікую хуткасць, ім немагчыма кіраваць, кантраляваць сітуацыю. Самае страшнае можа здарыцца падчас удару ў нейкі прадмет. Напрыклад, слуп або камень.
Нядаўна да доктара ўжо звярталіся бацькі, сын якіх катаўся на цюбінгу ў Маладзечне, падскочыў на каменьчыку і крыху стукнуўся аб нешта. На шчасце, траўма была не з сур’ёзных – удар.
Дзеці захапляюцца гульнёй і не заўважаюць, што ім холадна
З абмаражэннямі – тыповымі сезоннымі пашкоджаннямі – сёлета не звярталіся. А ўвогуле, гэта траўма больш характэрная для дзяцей шасцівасьмі гадоў.
Менавіта ў гэтым узросце можна так захапіцца гульнёй, што не заўважыш холаду. Пакуль гуляеш, быццам бы ўсё добра, а дома назаўтра адчуваецца боль, пачынае пячы.
Невялікія пашкоджанні ад марозу могуць быць у дзяцей да года, калі бацькі доўга гуляюць з імі на вялікім марозе. Тады назаўтра заклапочаныя бацькі ідуць да доктара, пытаюцца пра пачырваненне на носіку або шчочках дзіцяці. І ўсё ж цяжкіх абмаражэнняў са значнымі пашкоджаннямі тканак, як гэта бывае ў дарослых, у дзяцей не сустракалася.
Насталі халады – стала больш апёкаў
Звычайна павышаецца зімой колькасць апёкаў у маленькіх дзяцей. Дарослыя, асабліва ў прыватным сектары, пачынаюць грэць шмат вады.
А цікаўныя дзеці, якім часцей адзінтры гады, могуць перакуліць на сябе ёмістасць з кіпенем.
У такіх выпадках апёкі бываюць досыць цяжкія.
2019 год сустрэлі без траўмаў ад петардаў
31 снежня і 1 студзеня сёлета прайшлі спакойна. А ўвогуле ў гэтыя святочныя дні здараюцца траўмы ад піратэхнікі. Часцей церпяць пальцы, радзей можна атрымаць апёк вачэй ад полымя. Летась у маладзечанскую бальніцу прывозілі вілейскага хлопчыка, што пашкодзіў пальцы петардай.
– Як бачыце, сёлетняя зіма ў Маладзечне больш-менш спакойная адносна дзіцячых траўмаў. І ўсё ж бацькам не варта расслабляцца, – падсумаваў Аляксандр Запрудскі.
Пад наглядам бацькоў, у светлы час, на бяспечных горках
А каб зімовы адпачынак праходзіў весела і без непрыемнасцяў, вось вам некалькі парадаў ад доктара:
• дзеці павінны катацца пад наглядам дарослых;
• плануйце зімовыя пакатушкі на светлы час;
• катайцеся на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках;
• выкарыстоўвайце бяспечныя прылады для катання.
• Текст доступен на языке: Русский