11 студзеня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд па справе аб забойстве таксіста, якое было ўчыненае 34 гады таму.
Жыхар Рэчыцкага раёна Ігар Севярынец прызнаны судом вінаватым у разбоі, учыненым па папярэдняй змове групай асоб, а таксама ў наўмысным забойстве з карысці, з асаблівай жорсткасцю. Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў у калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй, паведамілі ў абласным судзе.

Прысуд у законную сілу не ўступіў.
Па матэрыялах справы, у ноч з 26 на 27 лютага 1984 года на вуліцы Ільіча ў Гомелі двое мужчын звярнуліся да кіроўцы таксі з просьбай іх падвезці. Падчас паездкі пасажыры напалі на кіроўцу: сціснулі шыю, нанеслі множныя ўдары тупымі прадметамі і шылам па розных частках цела. Калі машына спынілася, кіроўцу выцягнулі на вуліцу і працягвалі збіваць. Затым яго перацягнулі на пакрытае лёдам возера, дзе і пакінулі напаўголым. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр. Зламыснікі скралі з таксі выручку, а таксама партаманет, наручны гадзіннік, ключ ад кватэры, вадзіцельскае пасведчанне і іншыя асабістыя рэчы пацярпелага.

Раскрыць гэта злачынства 34 гады назад не ўдалося. Але ў 1984-м следча-аператыўнай групай, якая выбыла на месца здарэння, былі зафіксаваныя і ўзятыя сляды далоняў неўстаноўленай асобы.

Праз шмат гадоў ад экспертаў гомельскім аператыўнікам паступіла інфармацыя аб супадзенні гэтых слядоў з адбіткамі далоняў мужчыны, арыштаванага за рабаванне.

Ігару Севярынцу 55 гадоў, па спецыяльнасці ён аграншчык брыльянтаў, але па профілі ніколі не працаваў. За спіной у мужчыны 12 судзімасцяў. У асноўным за здзейсненыя крадзяжы, а таксама ўгон і махлярства. У агульнай складанасці за кратамі мужчына правёў 23 гады.