Адходы будуць захоўваць у «прыпаверхневых збудаваннях»

Беларуская АЭС павінна пачаць працу летам 2019 года. Але пакуль невядома, што будуць рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП). У Міністэрстве энэргетыкі не згодныя, што пытанне пра адходы пачалі абмяркоўваць запозна.

«У нас нават не завезенае свежае паліва, — сказала Лілія Дулінец, намесніца дырэктара Дэпартамэнта па ядзернай энэргетыцы Мінэнерга. — Паверце, мы нават апярэджваем падзеі. Мы сёння абмяркоўваем стратэгію, гэта ўсясветная практыка».

Лілія Дулінец
Лілія Дулінец

У свеце ёсць розныя варыянты абыходжання з такімі рэчывамі: іх захоўваюць у адмысловых кантэйнэрах, выкарыстоўваюць метад пахавання ці перапрацоўваюць. Многія краіны пакуль не вызначыліся, што рабіць з адходамі. Гэта робіцца з разлікам на тое, што ў найбліжэйшай будучыні вынайдуць больш бяспечныя спосабы абыходжання з адходамі, чым цяпер.

У Нацыянальнай акадэміі навук і Аб’яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных даследаваньняў «Сосны» вырашылі, што спачатку адпрацаванае паліва будуць каля дзесяці год захоўваць на назапашвальнай пляцоўцы ў Беларусі, потым павязуць на перапрацоўку ў Расію. Там з яго выдзеляць «карысныя прадукты» і вернуць для пахавання ў Беларусі. Гэты варыянт выбралі як прыярытэтны, сказаў Аляксандар Парфёнаў, намеснік галоўнага інжынэра Беларускай АЭС.

Аляксандар Парфёнаў
Аляксандар Парфёнаў

Разглядаліся яшчэ два варыянты. Але ва ўсіх прадугледжваецца, што адходы, перапрацаваныя ці не, будуць пахаваныя ў Беларусі — у «прыпаверхневых збудаваннях».

Кошт назапашвальнай пляцоўкі — камэрцыйная тайна. Эколягі: гэта можа быць 2–3 мільярды эўра

Каб захоўваць адпрацаванае паліва да вывазу ў Расію, у Беларусі мусяць пабудаваць назапашвальную пляцоўку. У першасным праекце атамнай станцыі такой пляцоўкі не было. Гэта значыць, што найбліжэйшым часам спатрэбяцца дадатковыя грошы на новы праект і будаўніцтва. Але колькі гэта будзе каштаваць, прадстаўнікі БелАЭС і Мінэнэрга не кажуць.

«Гэта камерцыйная тайна, — сказаў Анатоль Бондар, галоўны інжынэр БелАЭС. — Вядома, мы прыкладную лічбу ведаем. Я папрашу да грошай пакуль не прывязвацца».

Анатоль Бондар
Анатоль Бондар

Паводле Ірыны Сухій, якая ўваходзіць у грамадскую раду грамадскага аб’яднання «Экадом», утойванне цэнаў — гэта парушэнне заканадаўства. Яна дадала, што стварэнне падобнай інфраструктуры для доўгачасовага абыходжання з адпрацаваным палівам у Швецыі, Бельгіі і Швейцарыі каштуе ад шасці да дзевяці мільярдаў еўра. Для Беларускай АЭС гэта можа абысціся ў два–тры мільярды еўра.

Ірына Сухій
Ірына Сухій

«Нам яшчэ гэтыя пазыкі трэба аддаць, — сказала Сухій пра крэдыт, узяты на будоўлю Беларускай АЭС. — Размовы, што гэта будзе прыбытак ад АЭС, — гэта няпраўда. Атамная прамысловасць ва ўсіх краінах датуецца дзяржавай. Яна эканамічна немэтазгодная без вайсковага складніка ці яшчэ чагосьці дадатковага. А Беларусь нейкім чынам зробіць гэта мэтазгодным?»

Першапачаткова расійскі крэдыт на будаўніцтва АЭС ацэньваўся ў шэсць з паловай мільярда рублёў. Па апошняй інфармацыі, крэдыт на 2018 год складаў «да дзесяці мільярдаў даляраў». Пра гэта казаў Міхал Міхадзюк, намеснік міністра энэргетыкі, паведамляла БелТА.

Таксама прадстаўнікі БелАЭС не адказалі на пытанне, дзе ў Беларусі будуць захоўвацца адпрацаваныя адходы. Вядома толькі, што разглядаюцца тры пляцоўкі.

Выбралі самы дарагі і самы небяспечны варыянт . Так робяць толькі дзяржавы, якія вырабляюць ядзерную зброю

Выбраны варыянт абыходжання з адходамі — самы дарагі і самы небяспечны з пункту гледжаньня экалогіі. Пра гэта сказала Настасся Дарафеева, старшыня беларускай партыі «Зялёныя». Па яе словах, метад перапрацоўкі паліва, які збіраецца выбраць Беларусь, выкарыстоўваюць рэдка. Звычайна так робяць краіны, якія займаюцца вытворчасцю ядзернай зброі.

Настасься Дарафеева
Настасся Дарафеева

«Для Беларусі, якая не збіраецца вырабляць ядзерную зброю, узнікае пытанне, чаму гэты сцэнар выбіраецца як найбольш прыярытэтны», — сказала Дарафеева.

Яна і іншыя выступоўцы падкрэсліваюць, што ўсё яшчэ варта разгледзець варыянт, каб не запускаць атамную электрастанцыю. Па словах Ірыны Сухій, сёння ёсць праблемы з перапрацоўкай адпрацаванага паліва расійскіх АЭС. З Ігналінскай АЭС ня вывезлі адпрацаваныя адходы. Ва Ўкраіне ядзерныя адходы захоўваюць на адкрытай пляцоўцы ў кантэйнэрах.

Але так званая «нулявая альтэрнатыва» ў дакладзе называецца немагчымай.

«Пытанне з адпрацаванымі ядзернымі адходамі — гэта калі трэба глядзець на перспэктыву ў тысячу гадоў. Вядома, нулявая альтэрнатыва выглядае самай прывабнай. Не трэба тады гадаць, што рабіць з адходамі», — сказала Сухій.

Першыя адходы з’явяцца праз чатыры гады. Але расійскія заводы пакуль не гатовыя іх прымаць

Калі летам запрацуе першы блок атамнай электрастанцыі, як гэта анансавалі ўлады, ядзерныя адходы ў Беларусі з’явяцца праз чатыры гады. Паводле плана, цягам дзесяці гадоў яны будуць захоўвацца ў Беларусі, і толькі потым адправяцца на перапрацоўку ў Расію.

Намесьнік старшыні Астравецкага райвыканкаму Віктар Сьвіла і галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар
Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіло і галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар

Але ў дакладзе, які абмяркоўваўся ў Астраўцы, напісана, што расійскія заводы пакуль не гатовыя прымаць беларускія адходы.

«З прычыны негатовасці ў цяперашні час заводаў Расейскай Фэдэрацыі да перапрацоўкі АЯП ВВЭР-1200 у прамысловых маштабах, патрабуецца прадугледзець магчымасць пашырэння прапанаванай да стварэння назапашвальнай пляцоўкі на тэрыторыі Беларускай АЭС», — сказана ў дакладзе.

• Текст доступен на языке: Русский