Вяселле – гэта магчымасць пабачыць усю прыгажосць і моц беларускай традыцыі ў адным абрадзе. Значную каштоўнасць складае вывучэнне рэгіянальных асаблівасцей вясельнага абрада. Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна і этнаграфічны клуб Кола сумесна з VEHA.by распачынае сацыяльна-культурны праект «Вясельны вянок Маладзечаншчыны»

.
Мэтай праекта: захаваць традыцыйную культурную спадчыну маладзечанцаў (беларусаў) праз збор і папулярызацыю вясельных сямейных архіўных здымкаў і вывучэнне вясельнай абраднасці Маладзечанскага рэгіёна.

Праект рэалізуецца праз арганізацыю наступных мерапрыемстваў:

1) збор здымкаў з сямейных архіваў (візуальная частка вяселля) і стварэнне выставы (плануецца ў маі)

2) арганізацыя этнаграфічных экспедыцый па заяўленай тэме і як вынік рэканструкцыі шлюбнага касцюма

3) дэманстрацыя рэканструкцыі вясельнага абрада падчас выставы

4) стварэнне і выданне па выніках збору здымкаў альбома і PDF-версіі альбома.

Сямейныя архівы ўтрымліваюць шмат этнаграфічных і краязнаўчых звестак: знешнія праяўленні, асаблівасці абраднасці, мясцовую спецыфіку.

Тэма вяселля закранула кожную сям’ю рэгіёна, таму сямейныя фотаальбомы з’яўляюцца змястоўнай крыніцай для даследвання калектыўнай культурнай памяці Маладзечаншчыны. Цікавасць складаюць сямейныя здымкі ўключна па 1960 год.

Арганізатары просяць далучыцца да праекта і зазірнуць у свой сямейны фотаальбом, адабраць вясельныя здымкі і пабачыць іх на выставе.

Патрабаванні да здымка:

1. Здымкі з сямейнага архіва на вясельную тэму да 1960 г., зробленыя на тэрыторыі Маладзечанскага раёна.

2. Здымкі дасылаць на  kolaclubmolod@gmail.com або прыносіць для сканавання на адрас: Маладзечна, вул. Лібава-Роменская, 71, 2 паверх для метадыста па фальклору – Вольгі Трубач (кантактны нумар мтс 8 029-53-53-105).

3. Пажаданыя параметры здымкаў: 600 dpi (JPG, TIF файлы).

4. Апісанне да здымкаў:

* назва месца, дзе зроблены здымак,

* дата, калі зроблены здымак

* подпісы людзей на здымку (імя, імя па бацьку, прозвішча, гады жыцця),

* кароткая гісторыя падзеі, адлюстраванай на здымку (па жаданню);

Здымкі можна дасылаць да 31.03.2018

*Увага! Калі тэхнічныя параметры здымка не будуць дазваляць выкарыстоўваць яго на выставе, то здымак будзе размешчаны на сайце этнаграфічнага клуба Кола http://kolaclub.blogspot.com у раздзеле «Вясельны вянок Маладзечаншчыны».

• Текст доступен на языке: Русский