Традыцыя акунацца ў палонку на Вадохрышча не мае сакральнай сілы, заявіў БелТА протаіерэй Сергій Гардун, святар Мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабора.

 
«Акунанне ў палонку на Вадохрышча — цалкам не царкоўны звычай. Ён не мае ніякай сакральнай сілы, з ім адназначна не звязана абмыванне грахоў. Ёсць толькі два спосабы вызвалення ад сваіх грахоў. Першы — гэта само прыняцце хрышчэння, і чалавек можа быць ахрышчаны толькі адзін раз у жыцці. Па-другое, калі мы прыходзім на споведзь і каемся ў сваіх грахах. Тое, што трэба рабіць шматкроць у жыцці, — гэта рыхтавацца да споведзі і прычасця. Царква загадвае гэта рабіць не радзей 4-5 раз у годзе, можна часцей, кожны месяц», — распавёў протаіерэй Сергій Гардун.

Ён адзначыў, што непадрыхтаваны чалавек, акунаючыся ў палонку, можа толькі нашкодзіць свайму здароўю.

«Напярэдадні свята Вадохрышча неабходна папасціцца, раніцай прыйсці ў храм на службу, паспавядацца, прычасціцца і, вядома, набраць святой вады. Вось гэтая вада асвячаецца для таго, каб ёй дамы акрапляць, нашча прымаць. Яна можа выкарыстоўвацца на працягу цэлага года. Праз гэта дзейнічае Божая ласка. А акунанне — справа рызыкоўная і не варта гэта вітаць», — падкрэсліў святар.

• Текст доступен на языке: Русский