Пра ДТЗ, якое адбылося 14 студзеня каля сямі раніцы, распавёў дзяржаўтаінспектар Маладзечанскай ДАІ Сяргей Бартош.
30-гадовы жыхар Барысава ехаў на аўтобусе МАЗ па трасе Р28 у бок Маладзечна. Каля Краснага кіроўца заўважыў, што справа «у кішэні» іншы аўтобус высаджвае пасажыраў.

Жыхар Барысава знізіў хуткасць і накіраваў увагу на людзей, што выходзілі з аўтобуса. Калі ж ізноў паглядзеў на дарогу, убачыў перад сабой «Мерсэдэс Бэнц». Спрабуючы пазбегнуць сутыкнення, кіроўца МАЗа стаў паварочваць управа, але ўсё ж стукнуўся ў «Мерсэдэс», які ад удару адкінула на «Рэно Магнум» – цягач з паўпрычэпам, што ехаў у супрацьлеглым накірунку. За рулём быў жыхар Смаргоні.

Кіроўца «Мерсэдэса» – 32-гадовы жыхар Чысці – растлумачыў, што хацеў паварочваць, але адчуў моцны ўдар ззаду.

Ад удару 28-гадовая  пасажырка «Мерсэдэса», жыхарка Заслаўя, страціла прытомнасць. Але хутка ачуняла. Яе не шпіталізавалі.

Склалі пратакол на кіроўцу аўтобуса МАЗ за парушэнне Правілаў дарожнага руху.

 

• Текст доступен на языке: Русский