Дамейка

18 студзеня

1912. Нарадзіўся Пётра Сыч (в. Батурына, цяпер Вілейскі раён), пісьменнік, аўтар аповесці “Смерць і салаўі” пра бітву пад Монтэ-Касіна.

Публіцыст, вязень савецкіх канцлагераў, журналіст, дзеяч эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Германіі.

1884. Нарадзіўся Адам Лісоўскі (в. Каранды, цяпер Смаргонскі раён), рэлігійны дзеяч, каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў хрысціянскага руху.

Выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі. Адыграў вялікую ролю ў лёсе ксяндза Адама Станкевіча і яго беларускай нацыянальнай свядомасці. Памёр у 1929 годзе ў Варшаве.

1895. Нарадзіўся Лявон Більдзюкевіч (мястэчка Івянец, цяпер Валожынскі раён), педагог, матэматык, грамадскі дзеяч.

15.8.1939 асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паводле афіцыйных звестак, памёр на Калыме. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

19 студзеня

1926. Нарадзіўся Віктар Сянкевіч (в. Гірстуны, цяпер Глыбоцкі раён), грамадскі дзеяч, гісторык, журналіст, дзеяч эміграцыі ў Іспаніі, Вялікабрытаніі і ЗША. Падчас Другой сусветнай вайны трапіў у Германію, а потым у Францыю, дзе ўдзельнічаў у руху Супраціўлення.

Затым як ураджэнец ІІ Рэчы Паспалітай быў перавезены амерыканцамі ў Італію, уключаны ў Польскі корпус генерала Андэрса.

Быў таксама адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. Супрацоўнічаў з Радыё “Свабода”. Разам з К.Акулам быў аўтарам большасці артыкулаў у ваенна-гістарычным часопісе «Зважай!», які выдаваўся ў канадскім горадзе Таронта. Цяпер на пенсіі. Жыве ў ЗША.

1944. 75 гадоў таму каля Беластока польскімі падпольшчыкамі жорстка закатаваны Мікола Чарнецкі, публіцыст, педагог, грамадскі дзеяч.

20 студзеня

1892. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч (засценак Мацюлішкі, Віленскі павет, цяпер Літва), грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнаўца, публіцыст, перакладчык, літаратуразнаўца.

1892. Нарадзіўся Рыгор Шырма (в. Шакуны, цяпер Пружанскі раён), грамадска-культурны дзеяч, харавы дырыжор, фалькларыст, публіцыст. У 1994 годзе ў Вільні яму ўстаноўленая памятная дошка.

23 студзеня

1884. 135 гадоў з дня нараджэння Францішка Будзькі (в. Вознаўшчына, цяпер Вілейскі раён), каталіцкага святара.

1889. 130 гадоў назад у Чылі памёр Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, філамат, геолаг, мінеролаг, нацыянальны герой Чылі.

24 студзеня

1904. 115 гадоў з дня нараджэння Янкі Шутовіча (в. Шутавічы, цяпер Смаргонскі раён), грамадска-культурнага дзеяча, выдаўца, літаратуразнаўца, вязня савецкіх канцлагераў.

1897. У Кракаве памёр Альфрэд Ромер, мастак, скульптар, медальер, мастацтвазнавец, этнограф, удзельнік паўстання 1863-1864 гг.