У Гродне на першакласніка напаў байцовы сабака. Як паведамляе newgrodno.by, здарэнне адбылося ля аднаго з дамоў у мікрараёне Альшанка. Хлопчык вяртаўся дадому са школы і ля пад’езда на яго накінуўся суседскі стафардшырскі тэр’ер, якога выгульваў іншы малалетні школьнік, вучань трэцяга класа.
Побач апынуўся дарослы мужчына, які адцягнуў сабаку ад дзіця. Затым з пад’езда выбегла маці пацярпелага і выклікала “хуткую дапамогу”. У хлопчыка рваныя раны твару, якія зашывалі пад агульным наркозам — каля вока наклалі 10 швоў, пакуль невядома, ці захаваецца зрок. Таксама ёсць раны каля носа і гематома на вуснах.

Інцыдэнт трапіў на камеры відэаназірання. На запісе бачны момант нападу: дзіця не дражніла сабаку і ніяк не правакавала.

Стафардшырскі тэр’ер з’яўяецца патэнцыйна небяспечнай пародай. Малалетнім дзецям забаронена выгульваць такіх сабак.