10 студзеня карэспандэнт «Рэгіянальнай газеты» ўдзельнічала ў канферэнцыі «Свабода слова і асаблівасці медыяменеджменту ў Беларусі». Мерапрыемства ладзіла гродзенская суполка Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) у Цэнтры гарадскога жыцця.
Перад журналістамі са Слоніма, Гродна, Мінска, Брэста, Маладзечна, Ганцавічаў выступілі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, праграмны дырэктар фонду «Масавыя камунікацыі» Аляксей Казлюк, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і рэдактар спецпраектаў гродзенскага партала «Hrodna. life» Ірына Новік.

Гутарылі пра тое, як рэгіянальным сайтам адаптавацца да зменлівых заканадаўчых умоў, як новы Закон аб СМІ, паўплываў і паўплывае на працу рэдакцый. Як недзяржаўным парталам жыць і зарабляць грошы без дзяржаўнай падтрымкі.

Андрэй Бастунец: у Беларусі – самыя жорсткія патрабаванні да інтэрнэт-выданняў

– На сеткавыя выданні распаўсюджваюцца тыя ж складаныя правілы рэгістрацыі, як і на традыцыйныя медыя. Гэта ў той час, калі ў дэмакратычных краінах увогуле няма рэгістрацыі-­дазволу друкаваных медыя. Беларусь выкарыстоўвае самыя жорсткія патрабаванні да інтэрнэт­медыя з усіх суседніх краін, – распавёў Андрэй Бастунец.

Мастачка Вольга Новік падчас выступлення Андрэя Бастунца стварае канспект яго выступу ў стылі скрайбінг. Фота Аляксандра Саенкі.

З увядзеннем новага Закона аб СМІ многія выданні, у тым ліку «Рэгіянальная газета», вымушаныя былі адключыць каментары на сайтах, бо значна ўскладнілася каментаванне. Цяпер кожны каментатар павінны ўказваць свае дадзеныя: імя, прозвішча, нумар тэлефона. Рэдакцыя павінна захоўваць гэтыя дадзеныя і пры запыце перадаваць пэўным органам, у тым ліку Міністэрству інфармацыі.

– Аднак, хутчэй за ўсё, стваральнікі новага закона не ўяўляюць, што каментатар можа ўвесці фэйкавы нумар тэлефона, – падсумаваў Андрэй Бастунец.

Аляксей Казлюк: чакайце Закон аб персанальных дадзеных

Тэму пра рэгістрацыі каментароў працягнуў Аляксей Казлюк. Ён звярнуў увагу на тое, што праз года паўтара ў Беларусі з’явіцца Закон аб персанальных дадзеных і невядома, як пасля гэтага рэдакцыі павінны будуць абыходзіцца з асабістымі дадзенымі, атрыманымі ад каментатараў.

Ва Украіне і Расіі такія законы ўжо ёсць, што, па словах Аляксея, значна абмяжоўвае свабоду слова. Таксама Аляксей звярнуў увагу на тое, што выкарыстоўваць персанальныя дадзеныя каментатараў рэдакцыя не зможа для нейкіх іншых мэт. Скажам, для рассылкі.

Паўлюк Быкоўскі: прадавайце майкі і піцу, забаўляйце дзяцей

Як рэдакцыям зарабіць грошы самымі незвычайнымі спосабамі, расказаў Паўлюк Быкоўскі. Пад Новы год павіншаваць дзяцей у выглядзе Дзеда Мароза і Снягуркі. Плюс узяць з сабой прафесійнага фатографа, а потым прадаць сем’ям фотаздымкі.

Паўлюк Быкоўскі. Фота Аляксандра Саенкі.

Прадаваць фірменныя майкі і канцылярыю, адзначаць у рэдакцыі першы дзень нараджэння дзіцяці. І нарэшце, проста прадаваць… піцу.

Ягор Марціновіч: і папяровы часопіс можа прыносіць грошы

Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра паспяховыя і не вельмі паспяховыя праекты рэдакцыі. Напрыклад, добра «выстраліў» часопіс «Наша гісторыя».

Я з недаверам ставіўся да гэтай ідэі. Не думаў, што ў 2018 годзе папяровы часопіс можа прыносіць прыбытак, – прызнаўся Ягор.

Ягор Марціновіч. Фота Аляксандра Саенкі.

Але ўжо з другога нумара часопіс, які выходзіць накладам сем тысяч асобнікаў, стаў цалкам сябе акупляць. Гістарычныя матэрыялы – гэта не аператыўныя газетныя навіны. Таму, на думку Ягора, першыя нумары «Нашай гісторыі» будуць актуальныя і праз паўгода і праз год.

А вось спроба прадаваць фірменныя майкі для рэдакцыі не прынесла такога поспеху. Як і правядзенне мерапрыемстваў, пра якія шмат кажуць медыятрэнеры.

Ірына Новік: мы манетызуем давер і сувязі з грамадскасцю

Рэдактар спецпраектаў партала «Hrodna. life» Ірына Новік падзялілася досведам працы нішавага беларускамоўнага электроннага выдання ў Гродне.

Першапачаткова «Hrodna.life» стваралася як крыніца гарадскіх ініцыятыў. Дзякуючы актывістам на гродзенскіх вуліцах побач з іх сучаснымі назвамі з’явіліся шыльды з гістарычнымі, а аматары жывёл атрымалі пляцоўку для выгулу сабак. Ладзілі таксама сустрэчы з бясплатнай кавай на Дзень валанцёра.

Адна з удзельніц робіць разумны выгляд. Фота Аляксандра Саенкі.

Цяпер «Hrodna.life» – гэта інфармацыйны партал, дзе працуе восем чалавек. Маюць платных падпісчыкаў. Каб чытаць навіны партала, гродзенцы гатовыя плаціць грошы. Максімальна – 60 рублёў. Платных падпісчыкаў шануюць – дораць ім майкі і фірменныя сувеніры ад партала. А яшчэ кавярні­-партнёры партала прапануюць такім падпісчыкам зніжкі на каву.

– У рэкламе мы арыентуемся на тых рэкламадаўцаў, з кім маем агульныя каштоўнасці, – кажа Ірына. – Тыя, хто, як і мы, неабыякавыя да гісторыі горада, амаль заўсёды гатовыя нас падтрымаць.

Што мы можам манетызаваць? Давер і сувязі з грамадскасцю, падсумавала Ірына.

А цяпер крыху эмоцый: у Гродне ёсць фанат «Рэгіянальнай газеты»!

Акрамя карыснай канферэнцыі, паездка ў Гродна прынесла станоўчыя эмоцыі. У горадзе была першы раз. Адразу з цягніка – на таксі. Канешне, пры такім рытме разгледзець горад немагчыма. Але! Мне трапіўся таксіст-­патрыёт.

Падчас канферэнцыі. Фота Аляксандра Саенкі.

Ехалі мы нядоўга, хвілін сем. Але за гэты час ён паказаў мне ўсе кавярні на шляху, дом пісьменніцы Элізы Ажэшкі і помнік ёй, Цэнтральную плошчу, навагоднюю ялінку на ёй, парк з каруселямі, Нёман і турму.

Падышла я да патрэбнага будынка. А там шмат розных устаноў. Стаю, азіраюся і думаю, у якія б гэта дзверы зайсці.

І тут незнаёмы хлопец, што курыў на ганку, пытаецца: «Вы нешта шукаеце?». Па-­беларуску пытаецца! Прыкіньце. Ну, а пасля мне, зачараванай, паказаў патрэбныя дзверы.

Але і на гэтым прыемныя сюрпрызы не скончыліся. Адзін з удзельнікаў канферэнцыі, пачуўшы, што я з Маладзечна, спытаў: «Можа, вы з «Рэгіянальнай газеты»? І пачуўшы станоўчы адказ, прызнаўся ў тым, што ён наш фанат.

Пытанні-пажаданні ад удзельнікаў канферэнцыі. Фота Аляксандра Саенкі.

Хлопца завуць Сяргей Герман. Ён гарадзенец. Не журналіст. Працуе ў Цэнтры гарадскога жыцця, дзе ладзілі канферэнцыю. «Рэгіянальную газету» яму прывозяць сябры­-маладзечанцы. І на сайт наш ён зазірае па некалькі разоў на дзень.

А гасціннасць арганізатараў расчуліла канчаткова. Даведаўшыся, што я не застаюся на вячэру, яны клапатліва сабралі мне ссабойку ў цягнік.