Артылерыйскія залпы, газавыя аблокі, санітарныя абозы, штыкавыя атакі і братанне ворагаў — усё як было цягам 1915–1918 гадоў, калі беларускія землі падзяліла лінія фронту. Каля Смаргоні пазіцыйнае супрацьстаянне расейскага і германскага войскаў расцягнулася больш як на 800 дзён. Немцы будавалі доты, расейцы заглыбляліся ў траншэі, адны адных труцілі ды абстрэльвалі.

Прадаць дом, каб зняць кіно

Здымачны лагер раскватараваны ў Каранях — прыгараднай вёсцы пад Смаргонню, побач з якой вырас мікрараён трактарабудаўнікоў. Навокал узбуджанае ажыўленне. Мужчына вядзе на пляцоўку свайго каня з высокай крытай кібіткай — гэта перасоўны шпіталь часоў Першай суветнай. У аўтобусах падвезлі медсясцёр, яны грэюцца, чакаюць свайго выхаду. Каскадзёр Сяргей Катаржэнка навучае акцёраў прыёмам рукапашнага бою, піратэхнікі ўсталёўваюць выбухоўку, а ля вогнішча грэецца касцюмаваная масоўка, не задзейнічаная ў эпізодзе. Агулам на пляцоўцы блізу сотні чалавек.

Кіруе ўсім працэсам рэжысёр Аляксей Туровіч. Ён жа і сцэнарыст, бо ў аснове сюжэту — ягоная кніга «Забытая вайна». Асістэнт рэжысэра — Станіслаў Цыбінскі, музыку піша кампазітар, былы дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Уладзімір Браілоўскі.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Кіно робіцца за кошт асабістых сродкаў Туровіча і Цыбінскага: першы прадаў нерухомасць, другі — два аўтамабілі. Абодва задзейнічаныя ў ролях афіцэраў расійскай арміі.

Станіслаў Цыбінскі
Станіслаў Цыбінскі

Спробы Туровіча займець дзяржаўную падтрымку дзеля стварэння фільма пра Першую сусветную былі марнымі. Некалькі разоў ён сустракаўся з кіраўнікамі Міністэрства культуры Беларусі, прапаноўваў зняць карціну да 100-годздзя пачатку вайны, а пасля — да юбілею яе заканчэння. Ідэя чыноўнікаў не зацікавіла, сцэнар не дапусцілі да ўдзелу ў конкурсе.

За працэсам здымак у Смаргоні назіраюць прадстаўнікі мясцовых уладаў — начальнік міліцыі і ідэолаг. Аляксей Туровіч — адзін з актыўных абаронцаў Курапатаў, адбываў адміністрацыйнае пакаранне за пікеты супраць дзейнасці рэстарана «Поедем поедим».

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Летась Аляксей Туровіч за ўласныя сродкі экранізаваў «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава — пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах. Пракат у Беларусі быў абмежаваны, бальшыня кінатэатраў адмаўляліся ад паказаў. У той жа час у YouTube стужка набрала амаль 4,5 мільёна праглядаў, гледачы пакінулі больш за 4,5 тысячы каментароў.

Пра што фільм?

Сюжэтная лінія стужкі грунтуецца на гісторыі артылерыста Генадзя Маркоўскага. У 1915-м ён вызваўся добраахвотнікам у расійскае войска і адразу трапіў у «пекла» — на лінію фронту ў Смаргоні. Адсюль ён піша лісты сваёй каханай дзяўчыне Ніне, у якіх расказвае пра жахі і бессэнсоўнасць вайны. Адрозна ад многіх таварышаў па службе, яму пашчасціла выжыць. На ягоныя ўспаміны падчас працы ў архівах і наткнуўся Аляксей Туровіч. А яшчэ кіно — пра тых беларусаў, якія вымушана ваявалі за чужыя інтарэсы, кажа Свабодзе рэжысёр.

Адной з гераінь уведзена графіня Аляксандра Талстая, дачка Льва Талстога. Яна загадвала палявым шпіталем у Залессі, які быў разгорнуты ў колішняй сядзібе кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Будуць і іншыя персанажы, правобразы якіх сталі потым знакамітымі пісьменнікамі, артыстамі, канструктарамі.

Да тэмы Першай сусветнай вайны ў Туровіча свой інтарэс. Ён рос у дзіцячым доме ў суседніх Ашмянах, часта яго прывозілі на сустрэчы і спартыўныя спаборніцтвы ў такую ж установу ў Смаргоні. Калі ўжо пачаў рабіць кар’еру ў кіно, па старой памяці наведваў інтэрнаты, дапамагаў ім і шмат ездзіў па ваколіцах Смаргоні, бачыў сляды забытай вайны. Тады і з’явілася ідэя паказаць смаргонскую старонку Першай суветнай.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Здымкі ідуць на месцах былых баёў

Большую частку амуніцыі, артылерыйскай і табельнай зброі арандавалі на кінастудыі «Беларусьфільм». Як кажа Станіслаў Цыбінскі, там запатрабавалі за гэта каля 5 тысяч даляраў — па ўдвая большых расцэнках, чым для расейскіх сэрыяльшчыкаў. У выніку лепшы рэквізіт забралі на здымкі ў Астрахань, Туровічу далі тое, што засталося.

На здымкі ў масоўцы прыехалі сябры клубаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі з розных месцаў — у іх свая амуніцыя.

Фільм здымаецца ў натуральных гістарычных дэкарацыях: на ўскрайку Смаргоні ў выдатным стане захавалася германская фартыфікацыя, сіламі энтузіястаў нядаўна былі ўпарадкаваныя і расійскія пазіцыі. Для здымак пасярод кустоўя пастаўлены зруб сялянскай хаты, адноўлены антураж нямецкага дота. Гэты зруб потым згарыць у канцы здымак. Цяпер здымаюцца сцэны артылерыйскага абстрэлу, рукапашны бой, а таксама вываз забітых, параненых і атручаных.

Аднавіць памяць, каб не было жаданьня «паўтарыць»

Акцёрамі кінапраекту «У акопах Смаргоняў» — удзельнікі аматарскіх тэатраў, навучэнцы мінскай студыі кінаакцёраў, рэканструктары-аматары з пошукавага аб’яднання «Смаргонь франтавая», валанцёры з розных рэгіёнаў, якія адгукнуліся на прапанову зняцца ў кіно за інтарэс.

Ігар Паўлаў
Ігар Паўлаў

Здымаецца і афіцэр запасу Ігар Паўлаў — мясцовы прадпрымальнік, які за ўласныя сродкі аднаўляе месцы баёў, адшуквае і ўшаноўвае вайсковыя пахаванні. Высілкамі ягонага фонду «Смаргонь франтавая» адноўленая стратэгічная высотка «Залатая горка», якую за савецкім часам ператварылі ў сметнік. Акурат насупраць яе дзяржаўны даўгабуд — незавершаны мемарыял, які абяцалі здаць яшчэ ў 2014-м, да 100-годздзя пачатку той вайны.

«За савецкай уладай па незразумелых крытэрах Першая сусветная вайна была выцертая з нашай гісторыі, — кажа Ігар Паўлаў. — Як вынік, многія аб’екты гістарычнай значнасці ператвораныя ў гарадскую звалку. Таму мы сваім аб’яднаннем вырашылі ўзяць іх пад абарону. Гэта і „Залатая горка“, і артылерыйскі нямецкі дот побач у полі. Сваімі сіламі расчысцілі яго ад бытавога, будаўнічага друзу, прывялі ў парадак. Галоўная задача — стварэнне музея пад адкрытым небам. Каб людзі прыходзілі, разумелі, які боль і пакуты нясе вайна: і першая, і другая, і, не дай бог, трэцяя».

Лінія расійскага-германскага фронту праходзіла ўздоўж дарогі, якая і цяпер звязвае Смаргонь і старажытнае Крэва. Амаль тры гады тут лёталі артылерыйскія снарады, паўзлі клубы атрутнага газу, салдаты ішлі ў штыкавыя атакі.

• Текст доступен на языке: Русский