«Спеўны сход» – культурніцкі праект, у межах якога кожны, незалежна ад узросту і адукацыі, можа навучыцца спяваць беларускія песні. Ад сярэдзіны 2014­га да сярэдзіны 2017 года дырэк тарам праекта быў наш зямляк, ураджэнец Вілейкі Аляксей Чубат.
Пра тое, як усё пачыналася, Аляксей распавёў «Рэгіянальнай газеце».

І ў 21 стагоддзі жывуць народныя песні

У 2013 годзе амаль тры тыдні мой субяседнік быў у этнаграфічнай экспедыцыі.

– Нягледзячы на тое, што ўжо 21 стагоддзе, у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці ўдзельнікі экспедыцыі запісалі каля пяцісот народных песень, – прыгадвае Аляксей. – Яшчэ жывыя носьбіты, якія памятаюць гэтыя творы.

Тады ж у Аляксея ўзнікла пытанне, чаму людзі, якія збіраюць фальклор, не папулярызуюць яго, а пакідаюць у архівах.

Мужчына прыйшоў да таго, што варта ў нейкім цікавым фармаце даносіць народныя песні да сваіх сучаснікаў. У 2013 годзе Аляксей наведваў семінар па сацыяльным прадпрымальніцтве, дзе шмат распавядалі пра тое, як рабіць сацыяльныя і сацыяльна­культурныя праекты. Атрыманыя веды і знаёмства ў 2014 годзе са спеваком і кампазітарам Сяргеем Доўгушавым падштурхнула Аляксея да стварэння праекта, які б папулярызаваў беларускія песні. Шмат высілкаў па арганізацыі праекта ў гады яго станаўлення зрабіла Алена Ліхач.

Першы спеўны сход зладзілі ў сакавіку 2014 у Мінску. Ён не быў тэматычным. Людзі проста спявалі традыцыйныя беларускія песні.

Спеўны сход упісаўся ў агульную хвалю культурных праектаў

Першы раз прыйшло шмат людзей, нягледзячы на тое, што сход зладзілі не ў вельмі зручным месцы. Але дзякуючы працы Аляксея па рэкламе, абвестках у сацсетках, людзей атрымалася зацікавіць. Магчыма, такая зацікаўленасць адбылася і таму, што ў 2012-13 гадах узнікала шмат культурных ініцыятыў, напрыклад, тая ж «Мова нанова», пачалася папулярызацыя вышыванак, спрадвечных беларускіх сімвалаў. На гэтай хвалі «Спеўны сход» выглядаў даволі арганічна.

Аляксей Чубат ( у другім радзе злева) з выступоўцамі сходу. Фота Віталя Матусевіча.

Не прымусілі сябе чакаць другі і трэці сходы. А летам 2014 два мерапрыемствы правялі на свежым паветры. Сістэмна працаваць пачалі ад верасня 2014 года. І да мая 2015 адбылося дзесяць спеўных сходаў. А калі браць перыяд кіравання Аляксея праектам, ад 2014 да 2017 года, то за гэты час правялі 23 буйныя мерапрыемствы.

Тэмы былі розныя: восеньскія, веснавыя, калядныя, купальскія песні. Два сходы прысвяцілі дзіцячым спевам. Слухачоў знаёмілі з музыкай Вялікага Княства Літоўскага, творамі Станіслава Манюшкі, Міхала Клеафаса Агінскага.

Не толькі спевы, але і лекцыі

Акрамя саміх спеваў былі і 15-­20-­хвілінныя лекцыі па пэўных тэмах. На занятках, прысвечаных кантам ВКЛ, удзельнікам распавялі пра старадаўнія музычныя сшыткі – Полацкі, Аршанскі і сшытак «Куранты». Расказвалі, дзе і як іх знайшлі, што гэта за песні. А потым удзельнікі спявалі гэтыя старажытныя творы.

Экспертамі выступалі Максім Іўкін, Сяргей Выскварка, Ірэна Катвіцкая, Ігар Мельнікаў і іншыя.

Спявалі і пілі малако

– Як кіраўнік праекта я сачыў за тым, каб спеўныя сходы ўпісваліся ў кантэкст культурнай палітыкі Беларусі. У снежні 2016 года Беларусь адзначала 220-­годдзе паэта, філамата, ураджэнца вёскі Мясата (цяпер Маладзечаншчына) Тамаша Зана, – прыгадвае Аляксей.

20 снежня, за дзень да народзінаў паэта, зладзілі спеўны сход «Філаматы і філарэты». Удзельнікі спявалі песні 19 стагоддзя. І кожны атрымаў шклянку малака. Аказваецца, малако было ўлюбёным напоем філаматаў і філарэтаў. Тады ж на сходзе выступаў Аляксей Жбанаў – навукоўца, які займаецца іх творчасцю.

За спевамі. Фота Віталя Матусевіча.

– Важна было папулярызаваць і творы тых музычных калектываў, якія ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-­культурных каштоўнасцяў Беларусі, – лічыць Аляксей. – Таму ў 2017 годзе на адным са сходаў мы прадставілі творчасць гурта «Павалякі» з Любанскага раёна. На сход запрасілі гурт, які паспяваў разам з удзельнікамі.

За ўвесь час праекта на мерапрыемствах выступалі оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, музыкі Алесь Чумакоў, Алег Хаменка, ансамбль «Кантабеле», дарослыя і дзіцячыя гурты.

Ад сталіцы – у рэгіёны

Большасць спеўных сходаў ладзілі ў Мінску, але часам прыязджалі і ў абласныя гарады – Віцебск, Брэст, Гродна.

– Тады мы паклалі пачатак, а сёння спеўныя сходы актыўна праводзяць у рэгіёнах. Дай бог, каб кожны горад ператварыўся ў спеўны. Цікава было б, каб у Маладзечне гучала маладзечанская спеўная спадчына, у Вілейцы – вілейская, – кажа Аляксей.

Сяргей Доўгушаў (першы злева) і Аляксей Чубат (першы справа) на спеўным сходзе з выступоўцамі. Фота Віталя Матусевіча.

Акрамя сходаў у межах праекта двойчы правялі бясплатныя спеўныя курсы. Курс доўжыўся два месяцы. Было сем заняткаў, а потым – экзамен. Першы курс праводзіў Сяргей Доўгушаў, другі – Вікторыя Міхно.

Ідэя курсаў – у тым, каб больш устойліва захаваць спеўную спадчыну. На вучобу запрашалі людзей, хто гатовы раз на тыдзень займацца і ў канцы курсаў зможа праспяваць адну, дзве, тры песні. Па словах Аляксея, ахвотных было шмат. На кожны курс набралі па сорак чалавек. За ўвесь час ад 2014 да 2017 года праз спеўныя сходы прайшло каля дзвюх тысяч чалавек.

Справа, якой займаўся, спатрэбілася там, дзе нарадзіўся

– Цешыць тое, што спеўныя сходы прыйшлі ў Вілейку, – дзеліцца Аляксей. – Прыемна, што справа, якой ты займаўся, знайшла водгук там, дзе ты нарадзіўся. Мая справа пачынае ўпісвацца ў культурны ландшафт роднага горада.

Традыцыйныя беларускія спевы. Фота Віталя Матусевіча.

Не менш прыемна для Аляксея і тое, што спеўныя сходы праводзяць у Маладзечне:

– Маладзечна таксама лічу родным горадам, бо ўсе мае шляхі ляжалі і ляжаць праз яго. Вілейка і Маладзечна – гарады аднаго рэгіёна, з адным духам.

Сёння Аляксей адышоў ад спраў, звязаных са спеўным сходам, але па­-ранейшаму цікавіцца папулярызацыяй нематэрыяльнай спадчыны і з задавальненнем сочыць за развіццём праекта, да якога меў непасрэднае дачыненне.

• Текст доступен на языке: Русский