Традыцыйныя танцы перажываюць другую хвалю цікавасці па ўсёй Беларусі: танчыць Барысаў, танчыць Гомель, танчыць Гродна, Мінск і танчыць наша Маладзечна!


Этнаграфічны клуб “Кола” ў Маладзечанскай цэнтралізаванай клубнай сістэме зладзіў вечар традыцыйных танцаў “Вячоркі на Лібава-Роменскай”.

Сустрэча адбылася 16 студзеня. Лявоніха, падыспан і ойра-ойра – гэта той мінімальны танцавальны комплекс, які кожны жадаючы мог развучыць на “Вячорках”. Дарэчы, харэаграфічная адукацыя не патрабавалася.

Як расказала кіраўнік аматарскага аб’яднання этнаграфічнага клуба “Кола” Вольга Трубач, навучыцца танцам сваёй краіны ніколі не позна, прычым далучыцца да клуба можа кожны – узрост не абмежаваны.

Дарэчы, наступныя “Вячоркі на Лібава-Роменскай” пройдуць на базе Маладзечанскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы ў дзень нараджэння “Кола” – 27 студзеня. Пачатак а 18 гадзіне.

У праграме запланавана прэзентацыя батлейкі, танцы пры музычнай падтрымцы Насты Шпілеўскай і Мікалая Кашкана, а таксама спевы ад гурта “Мярэжа” і яшчэ шмат прыемных сюрпрызаў! Уваход на танцавальны вечар вольны!

Трэба адзначыць, што ўдзельнікі аматарскага аб’яднання вывучаюць і папулярызуюць беларускую культуру канца ХІХ – пач. ХХ стагоддзяў у межах Павілля – сучасных Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.

Этнаграфічны клуб займаецца рэканструкцый народных строяў, вывучэннем рэгіянальных традыцыйных танцаў і спеваў, арганізацыя святаў і абрадаў, праводзіць майстар-класы па народных рамёствах. Удзельнікі аб’яднання арганізоўваюць танцавальныя вечарыны, вечары сацыяльных танцаў, ночы танцаў, а таксама ладзяць тэматычныя летнікі.

• Текст доступен на языке: Русский