17 студзеня, адбылася прэзентацыя горадабудаўнічага праекта “Генеральны план Маладзечна. Карэкціроўка”.
На сустрэчы з прадстаўнікамі райвыканкама сабралася крыху больш за два дзясяткі ўдзельнікаў. Абмеркавалі тэмы жылля, школ і садкоў, дарог і інжынернай структуры.

Выстава праекта працуе ў вестыбюлі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы па адрасе: Лібава-Роменская, 71. Пабачыць матэрыялы можна ад 8 да 20 гадзін у перыяд ад 15 студзеня да 8 лютага. Таксама можна іх знайсці на сайце райвыканкама ў раздзеле “грамадскія абмеркаванні”.

Прадстаўлены да абмеркавання дакумент складзены ў два этапы. Першы – планы да 2025 года. Другі – да 2030.

Межы горада

Горад уваходзіць у ланцуг гарадоў, якія акружаюць сталіцу. Горад у бліжэйшым акружэнні Мінска. Па ролі рассялення адносіцца да гарадоў нацыянальнай значнасці.

Шэраг населеных пунктаў мае агульную мяжу з райцэнтрам – Насілава-Дамашы-Баяры, Цюрлі-Вытрапаўшчына-Мянюткі-Каледзіно-Куклаўшчына, Рагазы-Мыслевічы, Адамавічы, Гаравіны і Селівонаўка.

Гэтыя населеныя пункты на першым і другім этапе плануюць уключыць у праектную гарадскую рысу.

Насельніцтва

Цяпер у Маладзечне жыве 95,23 тысячы чалавек.

Цягам першага этапу яно павялічыцца да 101,9 тысячы. Павелічэнню пасадзейнічае далучэнне Насілава, Дамашоў, Баяраў, Цюрлёў, Вытрапаўшчыны, Мянютак, Куклаўшчыны, Рагазаў і Мыслевічаў.

У другім этапе насельніцтва павялічыцца да 104 тысяч – далучыцца Каледзіно, Адамавічы, Гаравіны, Селівонаўка.

Дарогі

Пераход ад пешаходнай вуліцы да чыгуначнага вакзала ў час падрыхтоўкі да Дажынак планавалі зрабіць падземным. Тады задуму не ажыццявілі. Аднак пераход крыху змянілі: пабудавалі астравок, за які заязджаюць аўтобусы на прыпынак, памянялі святлафоры. Штосьці яшчэ мяняць у гэтым месцы не збіраюцца – на ўчастку чыгункі зрабілі маштабную працу па электрыфікацыі да Дзяржаўнай мяжы.

Перад Дажынкамі доўга спрачаліся, ці змогуць увасобіць паўднёвы абыход райцэнтра, стварыць новую дарогу, якая ахапіла б горад на поўдні. Не змаглі. Мяркуюць, што да 2025 года паўнавартасна абысці горад не змогуць.

Таму давядзецца паралельна з будаўніцтвам жылых кварталаў ствараць ва ўнутранай сетцы вуліц перамычкі і зрабіць двухузроўневы вузел на скрыжаванні з накіраваннем Маладзечна-Ліда.

Каля “Каларыту” горад утрымлівае ад забудовы створ, каб ён у будучым вырашыў многія транспартныя пытанні. Плануецца тут зрабіць вузел з тунэльным пераходам пад дарогай, каб без перашкод трапляць на Янкі Купалы. Дублёрам будзе дарога па вуліцы Астрожскага, якая стане магістраллю агульнагарадскога значэння.

Каб пазбегнуць транзіту праз горад, запраектаваная абходная магістраль на Вілейку з бліжнім і дальнім варыянтам абходу. Гэта разгрузіць цэнтр і палепшыць экалагічную абстаноўку. Праз Рагазы ўжо пракладзены пачатак малога кальца.

Новыя дарогі зробяць Лясныя больш даступнымі. Па-першае, будзе абыход. Па-другое, прыбяруць чыгуначны пераезд. Пажарныя машыны і “хуткая дапамога” губляюць жыццёва вырашальны час на пераездзе. Генплан гэту праблему вырашыць яшчэ і дадатковым пажарным дэпо. Яшчэ адно пажарнае дэпо будзе ў Насілаве.

Інжынерныя сеткі

У Маладзечне пабудуюць шэсць закрытых ачышчальных збудаванняў ліўневых сцёкаў. Тады чыстая вада будзе скідвацца ў натуральныя дрэнажныя канавы і раку Маладачанку, з якой – ва Ушу.

Горад забяспечаны водазаборам. У суткі Маладзечна спажывае 23 500 кубоў добрай прэснай вады. Рэканструяваць станцыю трэцяга пад’ёму – задача на бліжэйшыя дзесяць год. Таму будзе рэканструкцыя двух вадаводаў-пяцісотак, якія пойдуць на паўночную частку.

Гаспадарча-фекальная каналізацыя патрабуе рэканструкцыі, якая таксама запланаваная.

За перыяд горад прырастае на 30% плошчы, а па насельніцтве – толькі на 7000.

Цяпер Маладзечна мае нізкі працэнт забяспечанасці жылой плошчай – толькі 23 квадратныя метры на чалавека. Пасля першага этапу забяспечанасць дасягне 26,8 квадрата, пасля другога – 28,3.

Цяпер 10% насельніцтва стаіць на чарзе на жыллё. Таму плануюць забудоўваць дзве вялікія пляцоўкі, сярод якіх “Горад-Сад” у раёне Здземелева. Гэта новы мікрараён, дзе паўстануць дамы на пяць і дзевяць паверхаў. Для яго спатрэбіцца падвесці ўсе неабходныя сеткі.  Паміж міні-ЦЭЦ і асноўнай кацельняй зробяць перамычку для закальцоўкі дзвюх крыніц. Гэтыя дзве крыніцы цяпла закрыюць патрэбу жылой забудовы. Дзве неэфектыўныя кацельні зачыняць.

Уша

У генплане стаіць задача захаваць рэчкі Маладачанку і Ушу. Паўночная тэрыторыя падбалочаная, і там кепская сітуацыя з грунтавымі водамі.

Мяркуецца, што зона пляжа на поўначы адбудзецца – гараджане заслужылі мець пляж з чыстай вадой з падсілкоўваннем.

Дамы

Дзе будаваць новае жыллё – гэта пляцоўка для працы грамадскасці, сказалі ў размове прадстаўнікі выканкама.  Сіламі аднаго выканкама тут не справіцца. Можна пісаць лісты вышэй, каб выдзелілі пад гэту мэту зямлю.

Пляцоўкі, дзе будуць ставіць дамы, – паўднёва-ўсходні раён, каля паўночных могілак – гэта гарадскія землі. У гарадскую рысу ўвойдуць новыя тэрыторыі з вёсак. Але там ёсць землі сельскагаспадарчага прызначэння, якія праекціроўшчыкі мяркуюць адвесці пад забудову. Зацверджаны праект рэканструкцыі Бухаўшчыны.

Некалькі год ішлі размовы, што ў Маладзечне можа паўстаць 14-павярховік. Аднак усё ж у бліжэйшай будучыні гэтага не адбудзецца. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў гарадах з такім насельніцтвам, як у Маладзечне, не варта ставіць дамы павышанай павярховасці. Так што вышэй за дзевяць паверхаў дамы не паўстануць.

Раёну давялі лічбу ў 70 тысяч квадратных метраў жылля, якое павінны пабудаваць за два гады. Летась жа здалі 15 тысяч квадратаў. Такую задачу давялі, таму што ў райцэнтры каля 11 тысяч чалавек стаіць у чарзе на жыллё.

Начальнік аддзела архітэктуры Святлана Хрусталёва на пытанне, як будуць дасягаць такой амбітнай планкі, сказала, што цяпер абіраюць пляцоўкі пад будоўлю.

У мікрараёне па Янкі Купалы плануюць пабудаваць жылля на 25-30 тысяч квадратаў. Сёлета архітэктура распрацоўвае дэталёвы план, заказвае акты выбару зямельных участкаў і пачне праектаваць. Але там ёсць пытанні па цеплазабеспячэнні. Калі план узгодняць, звернуцца да Мінскэнерга, каб на той мясцовасці запраектавалі цепласеткі.

Калі праект пройдзе экспертызу, сёлета пачнуць будаваць дом за “Яшмай”. Будуюць дом па вуліцы Канстанцыі Буйло. Фірма “Прафесійны мантаж” выкупіла будынак комплекснага прыёмнага пункта, дзе паставяць трохпавярховік. “ЧысцьБау” будуе 72-кватэрны дом у шостым мікрараёне.

Пачынаюць праектаваць дом па вуліцы Садовай на Лясных.

На рэчавым рынку па Міру была думка пабудаваць жыллё. Але выканкам адмовіў – тут прамысловая зона. Улада прапануе гэту тэрыторыю пад грамадскае прызначэнне і шукае інвестара.

Школы

За 15 год пабудуюць дзве школы і пяць дзіцячых садкоў.

Паставіць школы мяркуюць у 9 і 11 мікрараёнах. У 10-м – паліклініку.

Калгасны рынак

Вакол рынку шмат аб’ектаў нерухомасці, якія камусьці належаць. На “Спадарожніку” новы аб’ект мае статус рынку – каб гандляваць у больш зручных умовах, пад дахам. Гаспадарам неабходна кампенсаваць гэту нерухомасць, што пойдзе пад знос. Таму горад шукае на аб’ект інвестара. Вырашылі, што там будзе шматкватэрная жылая забудова з аб’ектамі грамадскага карыстання на першым паверсе.

– Рынак не адпавядае ніякім нормам, – кажа галоўны архітэктар. – Ні санітарным, ні экалагічным, ні тэрыторыя, ні тое, што адбываецца ў дварах каля яго. Крыху напружанасць знізілася, калі зрабілі паркоўку побач.

ЗАГС хочуць размясціць у больш зручным месцы, а будынак зрабіць больш урачыстым. Разглядаюць дзве пляцоўкі – замест паркоўкі ля Цэнтральнай плошчы або паміж Палацам культуры і будынкам РВЭС.

Выязджалі аглядаць трухлявыя дамы – па Янкі Купалы, Бухаўшчыне, Лібава-Роменскай. Ад іх горад будуць вычышчаць. А пляцоўкі ці прадаваць з аўкцыёна ці прапаноўваць тым, хто стаіць на чарзе па жыллё.

Замчышча

У выканкам звяртаюцца з ініцыятывамі, але пакуль на гістарычнай пляцоўцы не змаглі нічога ўвасобіць.

Само замчышча на землях сельскагаспадарчага прызначэння. А з іншага боку, планавалі ўладкаваць паркоўку, паставіць інфармацыйны шчыт. Пакуль на гэтых дамоўленасцях усё спынілася.

Вуліца стрыт-фуда

– Як выканкам ставіцца да моладзевай ініцыятывы “Вуліца стрыт-фуда”?

– Вельмі добра, – адказала Хрусталёва. – Каманда выйшла на дэпутата Жаўняровіча. Я яму патлумачыла, з чаго пачынаць, дала кантакт архітэктара. Яны робяць эскізы. Хочуць рэарганізаваць рух транспарту, я патлумачыла, што можна рабіць.

– Часам глядзіш на Вілейку, у іх столькі шмат розных праектаў. Чаму ў Маладзечне не так багата?

– Напэўна, не хапае ініцыятывы ад саміх людзей. Гадамі звяртаюцца “дайце мне добраўпарадкаванне”. У чым праблема? Выйдзіце ў двор, зрабіце для сябе. Некаторыя ж прыходзяць у домакіраўніцтва “мы хочам зрабіць тое і тое ў двары” – калі ласка, мы толькі вітаем. Людзі, збярыцеся і выйдзіце ў свой двор, прыбярыце.

Пра што пыталіся маладзечанцы

Удзельнікаў хвалявалі розныя пытанні. Хтосьці хваляваўся за добраўпарадкаванне ў двары, іншы – што ў іх двары плануюць паставіць новы дом, а месца і так не хапае. Некаторым было важна, дзе будуць новыя дамы, садкі і школы, як развернуцца новыя дарогі і масты, што стане з калгасным рынкам, якім жа чынам будуць скарачаць чэргі на жыллё.

Некаторыя крытыкавалі, што гадамі не змяняецца выгляд Замшчышча. А камусьці было незразумела, чаму толькі адзін бераг Ушы трапляе ў гарадскую мяжу – парадак будзе толькі на ёй. Была заўвага, што новы дом ля парка зусім не ўпісваецца ў тым месцы.

Як паўплываць на генплан

Заўвагі і прапановы па праекце можна да 8 лютага накіраваць у Маладзечанскі райвыканкам па адрасе: 222310, Маладзечна, вуліца Віленская, 6. Або на электронную скрыню molrik@molodechno.minsk-region.by. Лісты разгледзіць архітэктурна-горадабудаўнічы савет, сфарміраваны Мінскім абласным выканкамам.

• Текст доступен на языке: Русский