Кніга гісторыка, пісьменніка, навукоўца Анатоля Сцебуракі называецца «Лісты да Жазэфіны: ваенныя шляхі французскага афіцэра. 1805–1812».
Асноўнай гістарычнай крыніцай паслужылі лісты французскага афіцэра Шарля-Піліпа Фіта дэ Сусі да сваёй жонкі, якія зберагаюцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кніга дэталёва знаёміць чытача з ваеннымі прыгодамі французскага афіцэра, які ўдзельнічаў у шэрагу напалеонаўскіх кампаній 1805–1812 гадоў у Італіі, Аўстрыі, Прусіі, Іспаніі, Партугаліі і Расіі. Пісьмы адтуль утрымліваюць звесткі пра значныя гістарычныя падзеі і вядомых дзеячаў эпохі.

Асаблівае месца ў выданні займае апісанне апошняга года жыцця афіцэра – аповед пра драматычныя ваенныя падзеі 1812 года, якія адбываюцца на беларускіх землях. Кніга паслядоўна раскрывае ваенную кар’еру дэ Сусі, які большую частку сваёй службы быў ад’ютантам. На прыкладзе трагічнага лёсу галоўнага героя, адлюстроўваецца паражэнне ўсяго вялікага войска Напалеона ў кампаніі супраць Расійскай імперыі.

Фота nlb.by.

Лісты, якія поўняцца любоўю да жонкі і дзяцей, раскрываюць таксама сямейную гісторыю героя. Шарль прасіў Жазефіну пісаць яму часцей пра тое, як яна яго кахае, бо толькі лісты замянялі сустрэчы з ёй у час расстання. Некаторыя пасланні знаёмяць з інтымнымі падрабязнасцямі яго асабістага жыцця, дзе згадваецца гісторыя знаёмства і кахання.

Манаграфія – вынік супрацоўніцтва беларускага і французскага бакоў, што абумоўлена спецыфікай закранутай у кнізе тэмы. Яе аўтары – Анатоль Сцебурака, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, і Франсуаза-Альбярціна Мас, сябра «Асацыяцыі сяброў архіваў» (Парыж). Значная частка гістарычных дакументаў і эпісталярыю была адшукана ў французскіх архівах, але абсалютная большасць лістоў афіцэра выяўлена ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Манаграфія працягвае традыцыю вывучэння беларускіх архіўных калекцый і іх увядзення ў навуковы ўжытак. Адначасова яна закранае важную праблему лёсу дакументальных помнікаў, перамешчаных у ХХ ст. У выданні прапанавана ўласная версія з’яўлення лістоў дэ Сусі ў галоўным кнігазборы Беларусі пасля завяршэння Другой сусветнай вайны.

 

• Текст доступен на языке: Русский