Ад сталых людзей часта чуеш нараканні, што цяпер усё не так. І прыгаворваюць: «А вяселлі якія былі, тыдзень гулялі!».

У такое няпроста паверыць – як можна было цэлы тыдзень святкаваць усёй вёскай? Пра тое, як яшчэ паўстагоддзя таму ладзілі вяселлі, мы распыталі ў аднаго з найстарэйшых вясельных гарманістаў Беларусі.

Фота з архіва аўтара.

Калі ладзілі вяселлі

Традыцыйна на вяселлі ў календары беларусаў адводзілі два вялікія перыяды паміж асноўнымі пастамі і вялікімі святамі. Першы быў Мясаед – ад Вадохрышча і да Масленкі. Другі – Вялікая Вясельніца – ад восеньскага Багача і да Піліпаўкі.

Гэта быў самы спрыяльны час для правядзення вялікіх гулянняў.

Усю гаспадарку ўпарадкавалі, працу на зямлі скончылі, можна і адпачыць.

Пачыналі з вянкоў

Рытуалы агледзінаў, запоінаў-заручынаў, дамовы, прыгатаванні да вяселля, дзявочыя вечары, святкаванні і паводзіны маладой сям’і пасля святкавання і да нараджэння першага дзіцяці – усё гэта патрабавала дакладных традыцыйных падыходаў. Сёння ж мы раскажам пра само святкаванне.

Цяпер усё часцей вясельны поезд складаецца з некалькіх машын, якія пасля ЗАГСа кіруюць у рэстаран, замоўлены бацькамі за свежы крэдыт. Цікава, як нашы бабулі і дзядулі спраўляліся зладзіць свята, на якім гуляла ўся вёска цэлы тыдзень.

Іван Трафімавіч Ляўчук у маладосці.
Іван Трафімавіч Ляўчук.

Ці не лепшым спецыялістам з народа, хто змог распавесці пра тагачасныя гулянкі, з’яўляецца Іван Трафімавіч Ляўчук з Кобрыншчыны. Стажу яго працы вясельным музыкам можна толькі пазайздросціць. Як толькі хлопец адсвяткаваў 18-ы дзень народзінаў у 1957 годзе, так і пачаў на вяселлях іграць. Іграе і сёння.

– Ігралі мы тады на бубне, скрыпцы і баяне. Мы ж ігралі вяселлі цэлы тыдзень. У суботу дзяўчаты пачынаюць рабіць вянкі. Ну і мяне ж завуць з сабой. Чалавек трыццаць збіралася. Стаяць ужо ўсе панамазаныя, панапудраныя. Кавалеры ж іх прыйдуць. Так за тыдзень гулянняў і знаходзілі сабе кавалераў.

Пакуль дзяўчаты плятуць вянкі і танцуюць, сваты дамаўляюцца і частуюцца за сталом. Хлопцы тым часам дамаўляліся з бацькамі аб тым, як гуляць будуць вяселле.

Калі сваты ўстаюць з-за стала з першымі промнямі сонца – гэта добры знак. А ўвосень і зімою сонца позна ўстае. Во як частавалі. Гонар гаспадарам за павагу і пачастунак.

Абавязковы вясельны поезд мусілі сустракаць аднавяскоўцы. Перагароджвалі дарогу і патрабавалі гарэлку і пачастунак. Гэта і сёння ў нашым краі практыкуюць. Па бутэльцы на кожны кут табурэткі! І каб торбачку яшчэ.

Абавязкі нявесты

У нядзелю маладыя ідуць вянчацца. З вянчання самыя блізкія сваякі збіраюцца ў маладой на сняданак. У панядзелак ідуць «па маладуху», калі вяселле забірае маладую з яе хаты.

Нявеста мусіць быць працавітай. Наткаць і навышываць ручнікоў на ўсю радню. Вось прыходзіць 40 чалавек, і кожнаму трэба даць.

На Палессі па два ручнікі вешалі, па чатыры! А гэта дзяўчына мусіць зрабіць усё сама.

Два гады хлопец сябруе з дзяўчынай і рыхтуецца да вяселля. А яна тым часам тчэ ручнікі. Імі і абдорвае гасцей.

Маладую паілі ў сераду

У аўторак – пераезды. Маладую з маладым запрашаюць у дом бацькоў жаніха. У сераду ў нас такая мода была, што трэба было добра падпаіць маладую. Ну, мода такая была ў 50-70-я.

Не тое што шмат пілі, але трэба было начаставацца.

У чацвер караваі. Бацькі маладой, хрышчоныя ідуць на каравай да маладога. Дзеляць там каравай. У пятніцу ўжо ўсе снедалі. Во так з хаты да хаты і гулялі. Гэта пасля ўжо пачалі па рэстаранах хадзіць і ўсё пазнікала. А даўней так і гулялі.

Колькі літраў самагонкі

Што ж елі-пілі?

На такое вялікае вяселле малады мусіў нарыхтаваць 200-300 літраў самагонкі.

А госці нясуць з сабой шасцілітровік той жа гарэлкі, добры такі кумпяк, кілбас крыху пальцам пханых. І два караваі.

Неслі столькі, што ў кладоўцы не было куды класці. Гулялі да дзвюх гадзін ночы. Адны крыху паспяць і вяртаюцца, іншыя ідуць адпачываць. А музыка, калі ён талковы, мусіць увесь час іграць і забаўляць гасцей.

Сталы не прыбіралі. Талеркі толькі перамывалі. Сваякі прыходзяць, а сталы проста ломяцца ад пачастункаў.

Адной хаты было мала на гулянку. Хадзілі запрошваць суседнюю хату і задорваць іх гаспадароў. Ім пачастунак, паставяць па вуглах мэблю, і ўжо  там і танцуем!