Некалькі жанчын, якім за 80 год, на дыванку ў школьнай спартыўнай зале робяць практыкаванні. Адна становіцца “бярозкай”, другая гайдаецца “лодачкай”. Не такія смелыя аднагодкі смяюцца і апладыруюць: “Ну і выдалі!”.
У чацвер, 17 лістапада, ў маладзечанскай школе №5 адбылося спартыўнае свята.

Спачатку для ўдзельнікаў правялі размінку. Трэба было не толькі выконваць заданні, але і паспець дацеміць, што трэнер хоча. Напрыклад, выстаўляць аднаіменныя руку і нагу ці рознаіменныя. Калі аднаіменныя – то выстаўляеш левыя, калі рознаіменныя – левую і правую. Заданні так весялілі жанчын, что аж прысядалі ад смеху. А калі ў кагосьці не атрымлівалася, трэнер адразу дапамагала.

Пасля зарадкі ўдзельнікаў падзялілі на дзве каманды. Хто адчуваў сябе не вельмі добра, станавіўся балельшчыкам. У кожнай былі сталыя жанчыны і валанцёры са старэйшых класаў.

Алена Парахня вядзе размінку.

Камандам патрабавалася выконваць заданні на хуткасць. Напрыклад, пранесці мячыкі, закінуць і сабраць мячыкі, правесці абруч. Вядучыя пастаянна суцяшалі ўдзельнікаў – не быжыце ж, ідзіце, сачыце за самаадчуваннем.

У перапынку некаторыя ханчыны выраблялі трукі. Хто на шведскай сценцы расцягваўся, хто пры прамых каленях рукамі дацягваўся да падлогі. Школьнікі побач здзіўляліся – не кожны з іх так зможа. “Дык я ж ў маладосці спортам займалася”, – кажа гібкая пенсіянерка.

У канцы ўдзельнікам уручылі шакаладныя медалі і запрасілі на наступную сустрэчу – з доктарам Путырскім. Раздалі заданні з сабой. І новыя фізічныя практыкаванні і пісьмовыя тэсты. У іх, напрыклад, трэба назваць месяцы ці дні тыдня ў зваротным парадку. Усё гэта садзейнічае захаванню кагнітыўных функцый.

Хто запальвае сталых людзей

– Бывае, так ужо стомішся ад урокаў. А тут прыходзяць нашы бабулі на зяняткі – такі зарад аптымізму, столькі сіл дадае, што гатовы горы звярнуць, – расказвае Лідзія Князева.

Лідзія Барысаўна – ганаровы грамадзянін Маладзечна. Да пенсіі яна працавала ў 5-й школе, дзе заснавала клуб “Пошук”. Разам з вучнямі яна знаходзіла імёны вязняў Шталага 342 і іх сваякоў. Цяпер разам з настаўнікам Аленай Парахнёй яна вядзе праект, які дапамагае сталым людзям весці больш пазітыўны лад жыцця.

Праект называецца “Крок насустрач”. Яго рэалізуюць у межах праграмы “Месца сустрэчы дыялог” нямецкага фонда “Памяць, адказнасць, будучыня”.

Спартландыя – адно з мерапрыемстваў у межах праекта. У першую чаргу ён накіраваны на малалетніх вязняў канцлагераў і людзей, што нарадзіліся да 9 мая 1945 год. Але многія ўдзельнікі казалі, што іх суседка ці сяброўка таксама хацела б далучыцца – іх таксама ахвотна прымаюць.

Усяго пад апекай пятай школы 28 чалавек, якія прыходзяць самі і васьмёра, да якіх прыходзяць на дом.

Для тых, хто прыходзіць, праводзяць раз на тыдзень адаптыўную фізкультуру і інтэграцыйныя танцы. Фізічныя практыкаванні падбіраюць так, каб развіваць не толькі цела, але і садзейнічаць кагнітыўным здольнасцям. Гэтым практыкаванням навучыліся на семінары ў герантолага.

Дапамагаюць валанцёры

А танцы дапамагаюць расслабіцца і бліжэй пазнаёміцца. Раз на месяц праводзяць таксама лячэбную фізкультуру і гурток “Рукадзельніца”. А таксама кожны месяц удзельнікаў чакае свята. Вось гэтым разам такім святам была спартландыя. Нядаўна запрацалі доктара Бажко з псіха-неўралагічнага дыспансера.

Педагогам дапамагаюць валанцёры сярод старшакласнікаў, ёсць і сярод сталых жанчын валанцёры – дапамагаюць тым, у каго здароўе ўжо горш. Яны і ў спартландыі сачылі за падапечнымі, і наведваюць іх пастаянна.

– Мяне не пераломіць, калі камусьці дапамагу, – расказвае 11-класнік Матвей Рак. – Мы звычайна ходзім разам з Насцяй Мазалеўскай. Каму ў магазін схадзіць, каму смецце вынесці, а з кім паразмаўляць за чаем, павіншаваць са святам. Часам, гуляем у настольныя гульні з імі. Заўсёды столькі цікавага расказваюць.

– Дзеці разам з бабулямі ездзяць на экскурсіі, напрыклад, – расказвае Парахня. – Экскурсавод па хаце праводзіць, пра традыцыйны інвентар расказвае, а яны: “а ў мяне гэта ў дзяцінстве было, і вось гэта, рабілі вось так”.

Адным з самых душэўных святаў быў вечар адпачынку, да якога рыхтаваліся загаддзя. Удзельнікі майстравалі крэатыўныя шкатулкі, у якія павінны былі пакласці якую-небудзь гісторыю з маладосці. Напрыклад, пра першае каханне. На сустрэчы дзяліліся гісторыямі, а шкатулкі пасля дарылі ўнукам.

Дамашняе заданне.

• Текст доступен на языке: Русский