Да замка мы трапілі ў дзень, калі будаўнікі закідвалі ў кузаў грузавіка жалезныя канструкцыі, а бытоўкі і сховішчы вызвалялі ад рэштак матэрыялу. Абяцалі вярнуцца, як толькі адновіцца фінансаванне рэстаўрацыі замка, піша Радыё Свабода.

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік аўтарскага нагляду, дырэктар прадпрыемства «Праектрэстаўрацыя» Уладзімер Сіняўскі, цяпер рыхтуецца дакументацыя на рэстаўрацыйныя работы на колішніх баявых галерэях і аднаўленне яшчэ адной сцяны.

«Правільней сказаць, што завершаныя работы па кансервацыі, а па рэстаўрацыі яшчэ не, — кажа спецыяліст. — На частцы сцяны, якая бліжэй да замкавай вежы, будуць аднаўляцца баявыя галерэі, таксама ў планах зрабіць сёлета яшчэ адну сцяну — паўночна-ўсходнюю, якраз там, дзе кантрафорс. Рыхтуецца дакументацыя, трэба прайсці экспертызу. Будаваць у сённяшніх умовах усё адно нельга, будзем чакаць вясны».

Адноўленыя муры маюць амаль 100 метраў даўжыні і на асобных участках сягаюць да 10 метраў у вышыню. У іх вярнулі аўтэнтычныя камяні, дзіркі заклалі чырвонай цэглай. Як і ў выпадку з Княскай вежай, якая была закансерваваная раней, сцяну накрылі двухсхільным дахам.

Выдаткі сучасных тэхналогій

Раней выказваліся заўвагі, што ў працэсе аднаўлення будаўнікі выкарыстоўваюць камяні прыблізна аднаго памеру, а вялікія валуны пакідаюцца ў запас. Таму складваецца ўражанне «акуратнага рамонту».

Верхняя частка муроў выводзіцца чырвонай цэглай. У старажытнасці яе выраблялі з мясцовай гліны, цяперашняя выглядае інакш. Элементы навадзелу асабліва відаць на Княскай вежы: серыйная прадукцыя моцна дысануе з аўтэнтычнымі парэшткамі.

У рошчыну будаўнікі інтэгруюць фрагменты-«разынкі». Калі старыя дойліды забівалі каменныя кліны, каб ушчыльніць канструкцыю, то цяпер кладка выглядае збольшага як дэкаратыўная.

«Зразумела, заўсёды хацелася б, каб было лепш, — пагаджаецца навуковы кіраўнік праекта аднаўлення замка. — Але калі параўноўваць з тым, як было яшчэ зусім нядаўна, дык ці не ўпершыню зацеплілася вера на вяртанне Крэву былой велічы. Прынамсі, мы спадзяёмся, што пасля гэтага муры прастаяць яшчэ доўга».

Камяні закладуць у каштарыс

У канцы 2018 года работы ледзь не спыніліся праз недахоп камянёў. Усё, што некалі вываліліся і валялася побач, будаўнікі паднялі і вярнулі на месца, і запасаў не засталося. З ініцыятывы грамадскасці быў абвешчаны збор валуноў: за кароткі час іх прывезлі столькі, што на зіму кампанію збірання давялося нават згарнуць. Аднак неўзабаве дапамога можа спатрэбіцца зноў.

«Падчас мінулага этапу мы не закладалі ў каштарыс куплю камянёў, выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой, — тлумачыць Уладзімір Сіняўскі. — На фінішы крыху не ўклаліся. Гэтым разам ужо будзе патрэбны рэгулярны падвоз матэрыялу: відавочна, што цяперашніх запасаў не хопіць. Але гэта пытанне, думаю, вырашыцца ў аператыўным парадку».

На просьбу ацаніць якасць аднаўленчых работ Сіняўскі адказаў па-філасоўску — «у дасканаласці межаў няма».

За сваю доўгую гісторыю замак вытрымліваў напады і аблогі, а ў XIX стагоддзі страціў абарончае значэнне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая сусветная вайна: ад расійскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс. Паколькі немцы атабарыліся ў сярэдзіне, расійская артылерыя біла менавіта туды. Да сёння дайшлі не сцены, а толькі іхнае «нутро», фасад быў цалкам выбіты.

Самы стары абарончы замак ВКЛ

Крэва найбольш праславілася ў 1385 годзе, калі тут была падпісаная дынастычная унія паміж ВКЛ і Каронай Польскай. Тады пачынаўся новы геапалітычны этап для ўсяго рэгіёна. Што да часу з’яўлення ў Крэве замка, дык даследчыкі дадаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодздзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сыходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства.