Двух жыхароў Вілейкі затрымалі на Вілейскім вадасховішчы 25 студзеня ўвечары, распавёў «Рэгіянальнай газеце» намеснік начальніка Мядзельскай міжраённай станцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Раман Лесін. 
Беспрацоўныя мужчыны мелі з сабой дзве рыбалоўныя сеткі. Незаконна яны злавілі двух шчупакоў і аднаго акуня. Агульная вага рыбы – два з паловай кілаграмы.

На кожнага парушальніка склалі адміністрацыйны пратакол. Цяпер ім пагражае штраф ад 510 да 1275 рублёў.

Акрамя таго, парушальнікі мусяць кампенсаваць шкоду навакольнаму асяроддзю – 178,5 рубля і кошт рыбы – 26,78 рубля.

Мядзельская інспекцыя просіць паведамляць пра выпадкі, калі парушаецца прыроднае заканадаўства, па тэлефоне 8 01797 50740 або ў Дзяржінспекцыю пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – 8 017 39 00000, або 102.

• Текст доступен на языке: Русский