Маладзечанскі суд разгледзеў крымінальную справу ў адносінах да 51-гадовай жыхаркі райцэнтра, якая працуе прыбіральшчыцай у адным з дзіцячых садкоў.
Жанчыну абвінавачвалі ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і паказваюць відавочную непавагу да грамадства і суправаджаюцца гвалтам. Іншымі словамі – у злосным хуліганстве.

Здарэнне адбылося ў чэрвені. Жанчына была ў калідоры адной з медыцынскіх устаноў горада. Яна завяла скандал – гучна крычала і нецэнзурна сварылася. Калі гэта пачуў кіраўнік установы, то выйшаў з кабінета.

Ён зрабіў заўвагу жанчыне і папрасіў выйсці з будынка. У адказ жанчына ўдарыла кіраўніка кулаком ў твар. Мужчына спрабаваў адштурхнуць яе. Жанчына ўпала, схапіла рукамі за нагу і пачала кусаць туфлі. Пасля ўкусіла доктара за галёнку, пракусіўшы штаны.

Па справе правялі экспертызу, якая знайшла ў жанчыны псіхічную хваробу. Таму ў той час, калі адбылося злачынства, нападніца не магла ўсведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку дзеянняў і кіраваць імі.

Суд прызнаў, што грамадзянка была не ў сабе і ад крымінальнай адказнасці пазбаўленая. Ёй прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем.

• Текст доступен на языке: Русский