Крымінальная справа ў дачыненні да 63-гадовага намесніка дырэктара аднаго з прадпрыемстваў горада, якога падазраюць у крадзяжы бензіну, распачата 28 студзеня ў Маладзечне.
Намеснік пракурора Маладзечанскага раёна Аляксандр Васюта расказаў карэспандэнту МЛЫН.BY:
– Намеснік дырэктара ўнітарнага прадпрыемства – службовая асоба, якая кіруе гаспадарчай дзейнасцю арганізацыі. Устаноўлена, што, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, з карыслівай мэтай ад 17 верасня да 20 снежня 2018 года ён скраў на сваім прадпрыемстве 293 літры бензіну АІ-95 на суму 406 рублёў 57 капеек.
Аляксандр Васюта удакладніў, што, па папярэдніх дадзеных, намеснік дырэктара на аўтамабільных запраўках, выкарыстоўваючы «таблетку» прадпрыемства для запраўкі палівам, заліваў бензін у сваю машыну. Потым гэты бензін спісваўся праз прабег аўтамабіляў арганізацыі.
Падазраваны раней судзімы не быў. Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту не абіралася.
Справу распачаў Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта па артыкуле “Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”.
Максімальнае пакаранне за злачынства – чатыры гады пазбаўлення волі са штрафам або без штрафу i з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
• Текст доступен на языке: Русский