Вы жывяце па-за межамі рэгіёна, але чытаеце «Рэгіянальную газету» ў электронным ці папяровым варыянце? Паведаміце, калі ласка, пра гэта рэдакцыі. Нам будзе прыемна, а вы станеце героем нашага новага праекта. А пакуль – наш першы герой.

Я ж ваш фанат!

Нядаўняя паездка ў Гродна на канферэнцыю па журналістыцы прынесла не толькі прафесійную карысць, а яшчэ падарыла станоўчыя эмоцыі. Гэта і каларытныя вуліцы горада, і мінакі-гродзенцы, якія звяртаюцца да цябе па-беларуску, і атмасферная ўстанова – Цэнтр гарадскога жыцця.

Але найбольш усцешыла і натхніла тое, што сярод гродзенцаў ёсць людзі, якія ведаюць, чытаюць і любяць «Рэгіянальную газету».

– Вы з Маладзечна? – пытаецца прыемны малады чалавек у Цэнтры гарадскога жыцця.

– З Маладзечна, – адказваю.

– Можа, з «Рэгіянальнай газеты»?

– Так…

– Я ж ваш такі фанат!

Вось скажыце, як пасля такога дыялогу не палюбіць Гродна і яго жыхароў ад першага разу і назаўсёды?

Ашмянскі павет – мая малая радзіма

Сяргей Герман жыве ў Гродне, але мае гальшанскія карані. Пасля таго, як скончыў школу, паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Вывучаў археалогію. У сілу асабістай зацікаўленасці і атрыманай спецыяльнасці захапляецца гісторыяй, асабліва лакальнай, і ўсім, што звязанае з Ашмянскім паветам. А ён быў вельмі вялікім у свой час, удакладняе Сяргей. Яшчэ адно захапленне – генеалогія – гісторыя роду, сям’і – і складанне сваёй уласнай геніялогіі.

Акрамя зацікаўленасцей, сумежных з гісторыяй, Сяргей называе добрую літаратуру і музыку.

– Гродзенцам мне назваць сябе складана, – кажа мой субяседнік. – Я маю вялікую і моцную духоўную сувязь са сваёй малой радзімай, бо малой радзімай называю абшары колішняга Ашмянскага павета.

Любоў, якая доўжыцца некалькі год

Калі ўпершыню пазнаёміўся з «Рэгіянальнай газетай», Сяргей ужо і не можа прыгадаць. Кажа толькі, што «гэта любоў» цягнецца ўжо некалькі год.

Калі хтосьці са знаёмых бывае ў Маладзечне, хлопец заўсёды просіць, каб яму ў Гродна прывезлі свежы нумар нашага выдання. Калі ж такой магчымасці няма, чытае наш сайт. Прызнаецца, што можа заглядваць туды некалькі разоў на дзень.

– Папяровы варыянт мне заўсёды чытаць больш прыемна, – адзначае Сяргей. – Але гэта справа густу. Калі ж магчымасці няма, задавальняе і сайт: ён дастаткова зручны і аператыўны.

Асабліва кранаюць тэксты пра Ашмяны і Гальшаны

Цікавяць хлопца матэрыялы «Рэгіянальнай газеты», звязаныя з гісторыяй ва ўсіх яе праявах.

– Помніцца шмат добрых тэкстаў. Але асабліва кранаюць тыя, што бліжэй да Ашмянаў і Гальшанаў, – кажа мой субяседнік.

Распавёў, што «Рэгіянальная газета» чапляе звычайнымі чалавечымі гісторыямі – складанымі, шчаслівымі, сумнымі, вясёлымі, цяжкімі і лёгкімі. А яшчэ тым, што на яе старонках менш так званай чарнухі, здарэнняў і навін, перадрукаваных з інфармагенцтваў.

– Зычу вам мець шмат жаданняў. А яшчэ пішыце больш пра Гальшаны і Ашмяны, – так скончыў нашу гутарку мой новы знаёмы з Гродна.

• Текст доступен на языке: Русский