– Ну, паказвайце, дзе тут ў вас гадзіннікі, – пытаюцца ў супрацоўнікаў Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея наведнікі.
А ўсё таму, што не зусім правільна разумеюць сэнс слова «філатаймія». Так, тайм – гэта час. Але філатаймія – калекцыянаванне не гадзіннікаў, а календароў.

Іх выставу цяпер ладзяць у музеі. Па словах дырэктара Надзеі Аўдзей, на выставе – календары ад 1970-х гадоў і да сённяшняга часу.

Шмат фірменных календароў прадпрыемстваў і прысвечаных розным юбілейным датам.

Сярод экспанатаў ёсць і фірменныя календары «Рэгіянальнай газеты».

– Мы хацелі паказаць, што калекцыянаванне ёсць і сёння. Толькі крыху змянілася. Раней калекцыянавалі кішэнныя каляндарыкі, цяпер – алоўкі, статуэткі, – кажа Надзея Аўдзей. – Таксама варта памятаць, што менавіта дзякуючы калекцыям і ствараюцца музеі.

На выставе распавядаюць пра гісторыю календара, пачынаючы са старажытнасці.

Пабачыць экспанаты можна да 10 лютага.