Віталь Назарэвіч

Віталя Назарэвіча можна сустрэць на вечарах беларускіх танцаў ці на курсах “Мова Нанова” ў Маладзечне. Можна перасекчыся з ім у этнаграфічнай экспедыцыі або на археалагічных раскопках. Адным словам, ён заўсёды ў тых месцах, дзе беларуская мова і культура выходзяць на першы план.
Яго беларускамоўнасць і цікаўнасць да гісторыі абсалютна арганічная. Таму зусім нечакана аднойчы даведацца, што Віталь пераехаў у Беларусь 12 гадоў таму і сам вывучыў беларускую мову.

Пра тое, як паляшук 19 гадоў пражыў на беразе мора, а пасля па-новай адкрываў для сябе Беларусь, Віталь распавёў “Рэгіянальнай газеце”.

21 лютага дзень роднай мовы

У Маладзечне нарадзіўся выпадкова

– Як так атрымалася, што ты большую частку свайго жыцця правёў у Расіі?

– Маю сям’ю з Беларусі пагнаў Чарнобыль. Бацькі жылі ў зоне адчужэння, пад Нароўляй. Мама і тата былі аднакласнікамі, жылі ў адной вёсцы – Цешкаў.

Бацьку прапанавалі на выбар – Мінск, Маладзечна ці Наварасійск. У гэтых гарадах былі філіялы заводу, на якім ён працаваў. Бацька выбраў горад на Чорным моры. Мы былі не адзінай такой сям’ёй, у Наварасійск патрапіла шмат беларусаў. Але бяда ў тым, што беларусы вельмі хутка асімілююцца. Амаль імгненна становяцца расіянамі.

– Там ты і нарадзіўся?

– Не, я нарадзіўся ў Маладзечне, прычым абсалютна выпадкова. Тады паміж Беларуссю і Расіяй былі танныя самалёты, і мама часта лятала да сястры, якая жыла ў Маладзечне. І вось на апошніх месяцах цяжарнасці нешта пайшло не па плане, і я нарадзіўся менавіта тут. Хто ж ведаў, што праз 19 гадоў я вярнуся і буду тут жыць?

Зарэгістравалі маё нараджэнне ўжо ў Наварасійску, але па факце гэта адбылося ў Маладзечне.

– Ці даводзілася чуць беларускую мову ад бацькоў, жывучы ў Расіі?

– Мама размаўляла на палескай гаворцы, ужывала шмат мясцовых слоўцаў, якія цяпер і не прыгадаю. Яна саромелася свайго акцэнту, хаця мы жылі фактычна на Кубані – там народ таксама “гэкае”. Таму з часам яна свядома перайшла на чыстую рускую мову, каб не прыцягваць увагі.

А я ўвесь час ездзіў да бабуль на Палессе. Там таксама наслухаўся і набраўся розных гаворак.

Памятаю, дзед часам злаваўся на мяне: скажа мне нешта напалову беларускае, а я не разумею. І ён пачынаў – “як можна не ведаць нармальныя чалавечыя словы?!”

Баба тады заступалася – “ён жа ў Расіі жыве, адкуль яму ведаць”.

На “Мове Нанова”.

– А ці было наадварот, што ў Расіі ты вылучаўся з-за беларускасці?

– У школе я быў адным з нямногіх, у каго прозвішча заканчвалася на –іч. Больш было прозвішаў армянскіх ці казахскіх. І я заўсёды падкрэсліваў, што я беларус. Да бабуль ездзіў кожнае лета, таму цудоўна разумеў, адкуль я.

Але ў расійскай школе дзеці не надта разумеюць, што такое Беларусь. Аднойчы я сустрэў аднакласніц пасля таго, як мы скончылі школу, і сказаў, што цяпер жыву ў Мінску. На што яны адказвалі – “О, Мінск! Гэта ж Украіна, так?”

– Да пераезду ў Беларусь ты зусім не гаварыў па-беларуску?

– Так. Часам бачыў недзе словы “сшытак”, “дзённік”. І ў мяне было такое ўяўленне, што беларуская мова – гэта руская з памылкамі. Я нават “вучыў” сваіх расійскіх аднакласнікаў – бярэш слова “тетрадь” і пішаш – “цітрадзь”. І паўсюль замяняеш рускае “и” на “і” беларускае. Вось табе і ўся навука! Беларускую мову можна і не вучыць, проста гавары па-руску з памылкамі!

– Калі твая сям’я апынулася ў Маладзечне?

– У Беларусь мы пераехалі ў 2007 годзе пасля таго, як памёр бацька. Яму было 37 гадоў, не вытрымала сэрца. Гэта было з Чарнобылем звязана. І калі мама засталася адна з двума дзецьмі, ёй стала цяжка адной гадаваць нас з сястрой. Уся радня была ў Беларусі. Раптоўна мы ўзялі і пераехалі. Некалькі гадоў жылі ў Чысці, потым у Маладзечне.

“Без моўнай практыкі выглядаеш, як затарможаны дурань”

– Многія беларусы не лічаць патрэбным ведаць беларускую мову. Маўляў, навошта, калі па-руску ўсе разумеюць. Што ж падштурхнула цябе?

– Мне неяк у рукі трапілася кніга з кароткім курсам па гісторыі Беларусі. Кніга 1993 года, з “Пагоняй” на вокладцы. Яна была для мяне сапраўдным адкрыццём.

У курсе гісторыі ў расійскай школе ВКЛ узгадваецца літаральна некалькі разоў. У кантэксце таго, што гэта вораг і што гэта літоўская дзяржава. Мы чулі “літоўская” і думалі пра сучасную Літву. Думкі пра Беларусь у кантэксце ВКЛ не ўзнікала.

І тут гэтая кніга, якая адкрыла перада мной цэлы гістарычны пласт. Я зацікавіўся гісторыяй. Пачаў чытаць кнігі і слухаць радыё па-беларуску. У выніку паступіў на гістфак БДУ і стаў гісторыкам-архівістам.

– Якімі былі твае наступныя крокі ў беларускай мове?

– Курсы “Мова Нанова” ў Маладзечне. Слухаць і чытаць было класна, але мне вельмі не хапала моўнай практыкі. Усё роўна ў галаве я працягваў перакладаць з рускай на беларускую і выглядаў, як нейкі затарможаны дурань.

Быў страх перад тым, каб сказаць няправільна. Калі на “Мове Нанове” былі апытанкі, то я хваляваўся, ці паспею сфармуляваць сваю думку, пакуль да мяне дойдзе чарга? Таму цудоўна разумею тых, хто баіцца пачаць гаварыць па-беларуску з-за памылак.

– Ці атрымалася на курсах нагаварыцца па-беларуску?

– Там у мяне з’явілася сяброўка, з якой пачалі размаўляць па-беларуску і выпраўляць адно аднаго.

А пасля патрапіў на беларускія народныя танцы, якія ладзіў гурт “Кола” і Воля Трубач. Дзякуючы танцам трапіў у беларускамоўнае асяроддзе і зразумеў, наколькі гэта цікавыя людзі. З імі ў мяне знік страх памылак.

Сярод новых знаёмых было шмат тых, хто цікавіцца этнаграфіяй. Яны абсалютна не цураліся русізмаў і трасянкі, бо разумелі, што гэта натуральны элемент мовы. Калі б не трасянка, то шмат дзе беларуская мова знікла б цалкам.

Калі сустракаеш людзей, хворых на граматыку, якія папраўляюць кожнае слова, гэта адбівае ўсякае жаданне вучыць мову. Але маючы падтрымку, я сам не заўважыў, як пачаў размаўляць па-беларуску.

– Сёння ты гаворыш па-беларуску толькі з пэўным колам сяброў ці з незнаёмцамі таксама?

– Неяк па твары чытаю, ці гатовы чалавек успрымаць беларускую мову. Напрыклад, у краме я па прадавачках заўсёды вызначаю, да якой лепш не падыходзіць з мовай, а да якой можна. Але бывае, што і памыляюся.

Беларусы больш сонечныя, чым многія людзі з поўдня

– Ты змяніў краіну ўжо ў свядомым узросце. Ці ёсць нешта, чаго табе не хапае тут?

– Першы час мне не хапала мора і гор. Часам глядзеў удалячынь і ў контурах аблокаў бачыў горы. Гта кампенсую, хаця бы раз на год бываю на моры ў Наварасійску.

Людзі ў Беларусі сапраўды іншыя, дабрэйшыя. Можа, гэта дзіўна прагучыць, але для мяне яны больш пазітыўныя і сонечныя. І больш рэлігійныя. Адкрыццём сталі каталікі. Раней меў дачыненне толькі з праваслаўнымі і мусульманамі.

– У цябе да сёння расійскі пашпарт. Чаму не памяняў яго на беларускі?

– Мы не пабачылі ў гэтым сэнсу. Спачатку былі думкі пра падвойнае грамадзянства, але беларускае заканадаўства гэтага не дазваляе. Мне хапае віда на жыхарства. З расійскім пашпартам можна без візы ляцець у большую колькасць краін, а шэнгенская віза каштуе танней (для беларусаў – 60 еўра, для расіян – 35 еўра. – Аўт.). Праўда, магчымасцю яшчэ не скарыстаўся, але гэтая думка грэе.