Не толькі пазмагацца за медалі, але і далучыцца да добрай справы змаглі юныя каратысты спартыўнага клуба «Чэмпіён», якія ўдзельнічалі ў мінскім Калядным дабрачынным турніры па спартыўна-баявых адзінаборствах.
Турнір праводзіўся ў шосты раз і традыцыйна праходзіў на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Тут адначасова праходзілі спаборніцтвы па каратэ (безкантактны стыль), кёкусінкай каратэ, таэквандо, рукапашны бой, грэплінг.
Выхаванцы СК «Чэмпіён» удзельнічалі ў дабрачынным турніры другі раз. Астравецкую каманду прадстаўлялі чатыры каратысты – і ўсе яны вярнуліся дадому з медалямі.
Арцём Шасцялінскі стаў пераможцам у катэгорыі да 55 кілаграмаў. Мікіта Русецкі і Канстанцін Пятровіч выступалі ў катэгорыі да 65 кілаграмаў. У выніку Мікіта стаў срэбраным, а Косця – бронзавым прызёрам спаборніцтва. Бронзавы медаль заваяваў і Анатоль Велінец, вагавая катэгорыя да 50 кілаграмаў.
Грошы, сабраныя за ўдзел у Калядным турніры, перададзеныя на дапамогу хворым дзецям псіханэўралагічных інтэрнатаў.
• Текст доступен на языке: Русский