Пры праверцы інфармацыі, якая паступіла ад мясцовых жыхароў, участковыя Маладзечанскага РАУС засталі беспрацоўнага 40-гадовага вяскоўца на падворку ў працэсе вырабу хмяльнога напою. Са слоў мужчыны, ён наладзіў вытворчасць толькі тыдзень таму і «выключна для ўласных патрэб». Аднак аб’ёмы кажуць пра адваротнае. Акрамя апарата канфіскавалі 200 літраў гатовага прадукту, а 3700 літраў брагі знішчылі.

Уразілі праваахоўнікаў тэхналагічны падыход да справы і маскіроўка. Ад устаноўленага ў хляве агрэгата адходы вытворчасці паступалі па трубах, пракладзеных пад зямлёй, у грузавы аўтамабіль, які стаяў у гаражы. Пры запаўненні ёмістасцяў яны вывозіліся і знішчаліся.

Фота mvd.gov.by.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама Андрэй Амбражэй, у вобласці пастаянна вядзецца праца па спыненні фактаў нелегальнага вырабу, перавозкі і продажу алкаголю. Сталічны рэгіён лідзіруе ў гэтым напрамку.

Летась у судах разгледзелі больш за 2,5 тысячы спраў самагоншчыкаў, перавозчыкаў і прадаўцоў спірту і фальсіфікаванага алкаголю. Канфіскавалі больш за 146 тысяч літраў брагі і самагону, спірту і вадкасцяў з утрыманнем спірту.

Міліцыянеры выкарыстоўваюць розныя метады выяўлення нелегальнага алкаголю: маніторынг вялікіх тэрыторый з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў, сплавы па рэках у цяжкадаступных месцах, узаемадзеянне з насельніцтвам праз аддзяленні «Белпошты», дзе кожны грамадзянін можа бясплатна ананімна перадаць інфармацыю. Усе гэтыя спосабы прыносяць вынікі.

• Текст доступен на языке: Русский