Наведнікі падзяліліся стэрэатыпамі пра французаў у размове з выкладчыкам Бенжаменам Тэрадэ з Бардо і Першым Саветнікам Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандрам Піке.  А яны распавялі пра рэальнае становішча ў краіне. Сустрэчу ладзілі на французскай мове.

– Што прыходзіць у галаву, калі чуеце пра Францыю?

– Эйфелева вежа, гальскі певень, Марсельеза, круасаны. Гістарычныя асобы – Шарль дэ Голь, Жанна Д’Арк.

– У першую чаргу Францыя – гэта гісторыя. Калі яе не ведаць, Францыі быццам няма. Французы надзвычай цэняць гістарычныя факты. Гэта краіна – сумесь гальскай і рымскай культуры, – дзеліцца Тэрадэ.

У Францыі знялі фільм на гістарычных падзеях “Астэрыкс і Абелікс”, у якім галы ваявалі з рымлянамі.

Калі французы наведваюць Беларусь, яны цікавяцца “гістарычнай карцінкай”. Пытаюцца, ці ведаюць беларусы свае карані, продкаў.

У краіне жыве шмат нацыянальнасцяў, але калі французы расказваюць пра родную краіну, маюць на ўвазе чыстакроўных французаў.

Бенжамен скардзіцца, што ў замежнікаў краіна асацыюецца з Парыжам. Тым часам як у Парыжы жыве толькі кожны шосты грамадзянін.

Французы часцей спяваюць на англійскай

Французскіх выканаўцаў – Патрысію Каас, Джо Дасана, Шарля Азнавура амаль ніхто цяпер не слухае.

– Ёсць куды больш сучасныя спевакі. Развіты рэп, рок, электронная музыка. Напрыклад, рок-гурт Phoenix, вядомы ў Францыі і ЗША. Французы часцей спяваюць на англійскай, бо на сусветнай сцэне гэта мова найлепш запатрабаная. Часам і не ведаеш, што гурт французскі, – кажа Піке.

Эканомія – добрая якасць

На прапанову назваць негатыўныя бакі краіны ў зале чуецца: “французы – эканомныя, бясконца незадаволеныя”. Піке тлумачыць: незадаволенасць – хвароба французаў, а эканомія – увогуле добрая якасць.

– А яшчэ вы кажаце, француз прымушае жонку шмат працаваць. У сям’і існуе роўнасць, французскія мужчыны і гатуюць, і выносяць смецце, і даглядаюць дзяцей, – расказвае Піке і пытаецца: – Што думаеце пра нашых жанчын?

– Элегантныя, шмат кураць, – даносіцца з залы і са смехам: – Ніколі не голяцца.

– Стыль адзення ў францужанак свабодны, натуральны. Калі звыкліся з уяўленнем, што жанчына элегантная, зайдзіце ў метро. Ці паглядзіце на тых, хто едзе ў вёску. Будзеце шакаваныя.

Як ставяцца да беларусак

Па словах гасцей, беларускія жанчыны найпрыгажэйшыя ў свеце. У параўнанні з францужанкамі, вельмі моцныя псіхалагічна. Выконваюць шмат функцый, сумяшчаюць кар’еру, дом,  сям’ю.

А яшчэ бацькі ў Беларусі больш удзельнічаюць у выхаванні дзяцей, у школьным жыцці, цікавяцца вучобай і зносінамі сына ці дачкі. У Францыі існуе выразнае дзяленне “школа” і “прыватнае жыццё”.

– Усе стэрэатыпы пра Францыю адносяцца да гістарычнага мінулага краіны. Нягледзячы на іх, запэўніваю, у якой бы вы сферы ні працавалі, французская мова заўжды спатрэбіцца ў жыцці, – рэзюмуе Піке.

Адзін з наведнікаў сустрэчы Аляксандр Бабій вучыць французскую на працягу дзесяці гадоў. У Францыі ён быў, але толькі ў Парыжы. Таму хоча завітаць у іншыя гарады, вёскі.

– Наконт стэрэатыпаў,  самыя распаўсюджаныя – усе французы носяць чырвоны гальштук. І багет ў руцэ. Жывуць у Парыжы або на Лазурным беразе. Ядуць жаб, слімакоў, п’юць толькі віно і шампанскае. Падчас сустрэчы мне было цікава пачуць меркаванне французаў пра беларусаў і даведацца, якія французы на самай справе.

• Текст доступен на языке: Русский