Этнаграфічны клуб “Кола” у Маладзечанскай цэнтралізаванай клубнай сістэме адзначыў трэці дзень нараджэння – 27 студзеня аматарскае аб’яднанне зладзіла ўрачысты вечар.
Для маладзечанцаў падрыхтавалі насычаную праграму: правялі прэзентацыя батлейкі, адбыліся танцы пад акампанемент Насты Шпілеўскай і Мікалая Кашкана. Падарункам для прысутных стала выступленне гурта “Мярэжа”. Уваход на святочны танцавальны вечар быў вольны.

Этнаграфічны клуб “Кола” – аматарскае аб’яднанне, створанае пры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна” 24 студзеня 2016 года. Кіраўнік  – Вольга Трубач. Узрост удзельнікаў ад 23 да 48 гадоў.

Фота са старонкі клуба “Кола” – https://vk.com/kolaclub

Галоўная задача клуба – вывучэнне і папулярызацыя беларускай традыцыйнай культуры канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў у межах Павілля (на сёння гэта тэрыторыя сучасных Маладзечаншчыны і Вілейшчыны).

“Кола” рэканструюе народныя касцюмы, вывучае рэгіянальныя традыцыйныя танцы і песні, займаецца арганізацыяй беларускіх святаў і абрадаў. Удзельнікі клуба праводзяць майстар-класы па народных танцах, тэматычныя танцавальныя летнікі і вечарынкі.

На працягу існавання этнаграфічнага клуба “Кола” яго творчае жыццё было насычаным шматлікімі падзеямі. За тры гады дзейнасці пастаянную прапіску ў Маладзечне атрымалі вечары традыцыйных  танцаў “Вячоркі”, якія праходзяць двойчы на ​​месяц на базе Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. На творчых сустрэчах кожны можа пазнаёміцца ​​з народнымі танцамі не толькі Беларусі, але і блізкага замежжа. У летні перыяд “Вячоркі” праходзяць на пешаходнай вуліцы горада.

Фота са старонкі клуба “Кола” – https://vk.com/kolaclub

Вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада карыстаюцца майстар-класы па народных танцах. Харэаграфічныя форумы ад клуба “Кола” адбыліся ў час гарадскога фестывалю “Прышчэпка”, Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, праваслаўнага балю “Стрэчанне”, творчай сустрэчы “Час жыць”, рыцарскага фэсту “Гонар продкаў”.

Жаданымі гасцямі ўдзельнікі аб’яднання былі на фестывалі вышыванкі “Беларускія матывы”, свяце аграгарадка Лебедзева, гарадскога свята-кірмашу “Масленіца”.

Папулярызаваў беларускія народныя танцы клуб “Кола” і падчас правядзення міжнароднага праекта “Together”. Ён адбыўся па праграме ЕС “Erasmus +” у Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К. Агінскага.

Выступалі на рэгіянальным свяце-конкурсе “Папяровыя карункі”. Выдатным падарункам для гараджан сталі тэматычныя майстар-класы (рускія танцы, маладзечанскія танцы) з этна-харэографамі Сяргеем Выскваркам, Ігарам Вузловым, Мікалаем Козенкам.

Фота са старонкі клуба “Кола” – https://vk.com/kolaclub

Адным з важных напрамкаў дзейнасці клуба з’яўляецца вывучэнне аўтэнтычнага выканання беларускай песні. Такія заняткі праходзяць штотыдзень. Перыядычна “колаўцы” дэманструюць вывучаныя песні падчас народных і абрадавых святаў. Так, удзельнікі клуба ў вёсках і аграгарадках Маладзечанскага рэгіёна зладзілі “Калядкі”, “Гуканне вясны”, “Валачобнікі”, свята Багач і “Провады русалкі”.

Дзякуючы ім арганізавалі ночы танцаў “У маёвым садзе”, якія адбыліся на базе аграсядзібы “Засценак Скрыплёў” у Валожынскім раёне, этнаграфічныя выязныя экспедыцыі ў вёсцы Літва Маладзечанскага раёна і вёсцы Каралеўцы Вілейскага раёна. А таксама танцавальны лагер “Любкі-фестываль” на радавой сядзібе кіраўніка клуба ў вёсцы Любкі Вілейскага раёна.

Аматарскае аб’яднанне актыўна падтрымлівае танцавальны праект “Свае танцы”  Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ). “Харэаграфічныя вечары” па народных танцах змаглі наведаць жыхары Вілейкі і Смаргоні.

Фота са старонкі клуба “Кола” – https://vk.com/kolaclub

Клуб “Кола” быў зладзіў творчы праект “Танцавальны тур па грамадскіх месцах Маладзечна”. Ён уключаў сем майстар-класаў па народных танцах “Карапетаў-Карапетаў – прыйдзем танчыць у абед!”. Такія сустрэчы правялі на прадпрыемствах і арганізацыях горада.

За тры гады існавання аматарскае аб’яднанне “Кола” атрымала высокую адзнаку не толькі ў маладзечанцаў, але і стала пераможцам у намінацыі “Лепшы праект горада 2018” па выніках Першай рэгіянальнай прэміі ў сферы паслуг “FreMe” (2018 год).

Таксама клуб адзначылі Дыпломам за беражлівыя адносіны да мясцовых песенных традыцый, плённую працу па захаванні і развіцці нацыянальнай культуры і актыўны ўдзел у абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Фальклорная талака” (2017 год, Барысаў). А ўдзельнікі калектыву Дзяніс Краўчонак і Вольга Трубач атрымалі першага месца за выдатнае выканальніцкае майстэрства і вялікі ўклад у захаванне традыцыйных народных танцаў на ІІІ абласным конкурсе бытавога танца “Мінская кадрыля” (2017 год, Барысаў).