Лыжы

У школы Смаргоншчыны дадаткова закуплена 70 пар лыж, мацаванняў да іх і лыжных ботаў. Мецэнатам  выступіла Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Як распавёў shliah.by начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны, 20 пар зімовага спартыўнага інвентара атрымалі СШ №5 і гімназія, па 10 пар – школы №1 і №6, па 5 пар лыж атрымалі школы ў Залессі і Крэве.

Па словах Шчаснага, дзякуючы дадаткова закупленым лыжам школы раёна павысяць паказчыкі ў нормах забяспечанасці навучэнцаў спартыўным інвентаром, які да гэтага складаў 79%. Цяпер гэты паказчык – 86%.

Сёлета ў Смаргонскім раёне функцыянуюць 14 лядовых пляцовак і 17 лыжных трас, большасць з якіх пракладзены каля школ. У саміх жа ўстановах адукацыі арганізаваныя пункты пракату спартыўнага інвентара.

Дырэктар гімназіі Ірына Дурэйка адзначыла, што атрыманыя школай лыжы рознага памеру дазваляюць нават навучэнцам пачатковай школы ўстаць на лыжню цэлым класам.