Круглы стол па тэме «Мова – канстытуцыйнае права» прайшоў у рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» ў Маладзечне 1 лютага. Да абмеркавання мы запрасілі прадстаўнікоў розных галін і з розных гарадоў. Аб’ядноўвае іх адно – важнае месца ў іх жыцці займаюць канкрэтныя дзеянні, якімі спрабуюць палепшыць стан беларускай мовы.

 – Усё залежыць ад саміх людзей, ад кожнага залежыць. Таму што спадзявацца на некага… трэба заўсёды, можа, каб падтрымка была нейкая. Але калі сам чалавек не захоча, не запатрабуе, не пачне нешта выпраўляць, то ніколі ніхто за яго нічога не выправіць, — перакананы Алесь Наркевіч, прадпрымальнік і бард з Вілейкі.

Удзельнікі абмяркоўвалі, якой бачаць сучасную сітуацыю з мовай. І адной з самых вострых праблем назвалі тое, што адукацыя пераважна адбываецца на рускай мове. Таму асабліва важным быў досвед смаргонскага садка, дзе тры групы выхоўваюць дзетак па-беларуску. Што рабіць іншым спецыялістам, якія хацелі б весці справу па-беларуску, асабліва педагогам?

– У першую чаргу мець асабістую пазіцыю. Нешта ўяўляць сабой як асоба, каб быць прыкладам для дзяцей і іх бацькоў. Гэтая пазіцыя павінна станоўчыя мець вынікі ў сваёй працы, каб бацькі заахвоціліся і падтрымку аказвалі і выхавальніку, і педагогу, — лічыць выхавальнік смаргонскага садка №8 Эдзіта Бранцэвіч.

За круглым сталом былі розныя пазіцыі. Эдзіта Бранцэвіч сказала, што ў сваім атачэнні праблем з мовай не мае, а калі ёй адказваюць па-беларуску, то гэта нагода пацешыцца. Алесь Наркевіч жа лічыць, што стан беларускай мовы катастрафічны.

– І мы адказныя за гэты стан, і бацькі нашы адказныя, і дзяды, і прадзеды. Але выправіць можам мы. У нас ёсць магчымасць. Якраз самы найспрыяльнейшы момант за ўсю гісторыю, з 91 года, магчыма, — заявіў Алесь Наркевіч.

Пра тое, з якімі пытаннямі аб мове звяртаюцца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў і якім шляхам павінна па-сапраўднаму ўвасобіцца ў жыццё права на мову, падзялілася меркаваннем дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання  і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

– Яны могуць адбыцца, такія змены глабальныя, пазітыўныя, толькі тады, калі да гэтай працы далучыцца кожны беларус, які разумее важнасць, каштоўнасць беларускай мовы, разумее важнасць захавання і падтрымання нацыянальных традыцый. Бо гэта ўсё звязана з перспектывай развіцця і наогул будучыні незалежнай Беларусі.

Змагацца за мову, вучыць і натхняць іншых ці проста размаўляць па-беларуску ў штодзённым жыцці – кожны выбірае свой шлях. І калі вы не можаце паўплываць на краіну, то дакладна можаце паўплываць асабіста на сябе.

Падрабязна пра падзею — у бліжэйшым нумары «Рэгіянальнай газеты».

• Текст доступен на языке: ruРусский