Астравец

Стартаваў чэмпіянат Гродзенскай вобласці па валейболе. Астраўчане правялі дзве сустрэчы на выездзе, а ў суботу прынялі лідскую каманду «Онікс».
Сёлета за званне лепшых валейбалістаў вобласці змагаюцца трынаццаць каманд, якія падзеленыя на тры групы. Астраўчане выступаюць у групе «А», дзе супернічаюць з валейбалісты з Ашмянаў і двума камандамі з Ліды – «Гедыён» і «Онікс».

Астравецкая каманда правяла дзве сустрэчы ў гасцях, дзе саступіла лідскаму «Гедыёну» 0: 3, але выйграла ў Ашмянцаў 3: 2.

А ў суботу, 2 лютага, астраўчане правялі першую гульню ў родных сценах, прынялі лідскі «Онікс».

На некалькі гадзін спартыўная зала фізкультурна-аздараўленчага комплексу ператварылася ў пляцоўку напружанай барацьбы. Першая партыя прайшла адносна роўна. Гаспадары з першых хвілін павялі ў ліку, аднак госці не давалі расслабіцца і ўвесь час наступалі на пяткі. Разбежка ў ліку не перавышала трох ачкоў на працягу ўсёй партыі. І ўсё ж астраўчане здолелі захаваць лідэрства: 25:23 – першая партыя за імі.

Натхнёныя добрым пачаткам, у другой партыі нашы валейбалісты злёгку расслабіліся – і супернікі не прамінулі гэтым скарыстацца. Астраўчане спрабавалі аднавіць гульню, але было позна: другая партыя прайшла пад дыктоўку лідчан: 10:25 – поспех святкавалі сапернікі.

Трэцяя партыя аказалася самай напружанай, відовішчнай і непрадказальнай. Улічыўшы папярэднія памылкі, гаспадары з першых хвілін вырваліся наперад. Аднак сапернікі не збіраліся здавацца, хутка зраўнялі лік і вырваліся наперад. Але ўжо праз некалькі хвілін сітуацыя змянілася. Ужо астраўчанам дагналі лідчан і не толькі вярнулі перавагу, але і працягвалі павялічваць разрыў у ліку – 19:14. Але далей на гульнявой пляцоўцы адбывалася нешта такое, што цяжка ўявіць. Было адчуванне, што астраўчан хтосьці як сурочыў. Усе іх падачы і атакі заканчваліся фіяска. Чаго не скажаш пра сапернікаў. У выніку астраўчане саступілі 21:25.

Чацвертая партыя апынулася таксама насычанай на вострыя моманты. Спачатку госці вырваліся наперад і даволі доўга захоўвалі перавагу. Але потым у гаспадароў адкрылася другое дыханне: яны не проста гулялі, а выкладваліся з усіх сіл. Пры ліку 21:21 нервы былі на мяжы ва ўсіх. Аднак завяршыць партыю перамогай астраўчанам, на жаль, не ўдалося – прайгралі 21:25.

У выніку каманда Астравецкага раёна саступіла лідскаму «Оніксу» 1: 3.