— Начальнік склада прынёс спіс, насупраць кожнага прозвішча — сума, якую трэба заплаціць. Некаторыя падпісвалі і пагаджаліся, — распавядае працаўніца прадпрыемства Лідзія. — А ўчора нас сабраў генеральны і сказаў, што ён усё сам праверыць. Будзем глядзець, што будзе далей.

Паводле слоў работнікаў прадпрыемства, гаворка ідзе пра сумы ад 700 да 1000 рублёў кампенсацыі з чалавека.

Праваабаронца Леанід Судаленка распавёў, што да яго звярнуліся сем працаўнікоў прадпрыемства.

— Людзі прыйшлі і расказалі, што два месяцы таму ўсё было добра, а 11 студзеня наймальнік правёў інвентарызацыю і выявілі гэтую нястачу. Падзялілі на ўсіх матэрыяльна адказных, а гэта 59 чалавек, і тут жа з іх пачалі патрабаваць: маўляў, плаціце добраахвотна, а інакш звольнім.

Судаленка лічыць, што патрабаванне наймальніка незаконнае.

Ён дапамог тым, хто звярнуўся, падрыхтаваць заяву ў камісію па працоўных спрэчках з патрабаваннем, каб прэтэнзіі з работнікаў знялі. «Калі няма, то мы пойдзем у суд і будзем даказваць адсутнасць віны кожнага, хто звярнуўся да нас», — кажа юрыст.

У прэс-службе ПА «Беларуснафта», даччыным прадпрыемствам якога з’яўляецца птушкафабрыка, распавялі, што ніякіх загадаў аб прыцягненні работнікаў да матэрыяльнай адказнасці пакуль што не выдавалася.


https://nn.by/?c=ar&i=224806