Крадзеж

Пракурор Валожынскага раёна Юры Канапацкі распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Абвінавачаны – ураджэнец Гомельскай вобласці. Здымае жыллё ў Ракаве. Мужчына шэсць разоў быў судзімы. У апошні раз – за крадзеж і разбой. Судзімасць не пагашаная. Увечары 29 лістапада 2018 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ён выціснуў шкло ў верандзе пенсіянеркі, залез у дом і прайшоў на кухню. Там яго сустрэла гаспадыня, якая жыла адна. Мужчына прыставіў сваёй ахвяры нож да горла і запатрабаваў грошы. Пацярпелая адказала, што грошай няма, і тады налётчык стаў патрабаваць спіртное і закуску.

Па словах Юрыя Канапацкага, пенсіянерцы давялося наліць госцю віна і нават пасмажыць яму яечню.

Выпіўшы і закусіўшы, мужчына забраў у гаспадыні мабільны тэлефон. Ён спрабаваў камусьці тэлефанаваць, але выпадкова набраў нумар нявесткі жанчыны. Неўзабаве прыбег яе сын. Разбойніку прыйшлося схавацца, а пацярпелыя выклікалі міліцыю.

Абвінавачаны чакае суда ў камеры следчага ізалятара.

Яму пагражае другая частка артыкула “Разбой, здзейснены паўторна, з пранікненнем у жыллё. Злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.