Стрэльба

Пракуратура Валожынскага раёна 5 лютага накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 81-гадовага жыхара гарадскога пасёлка Івянец у незаконным збыце паляўнічай стрэльбы.

Пенсіянер прадаў сваю зарэгістраванаю гладкаствольную стрэльбу ІЖ-58 16 калібра, каб падрыхтавацца да смерці. На атрыманыя грошы дзядуля купіў чаравікі і труну.

Пракурор Валожынскага раёна Юрый Канапацкі распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Абвінавачаны – паляўнічы. Жыве ў Івянцы з жонкай. Стрэльба ў яго зарэгістраваная, захоўваў ён яе законна, а вось прадаваў парушаючы закон. Сам пенсіянер растлумачыў на папярэднім расследаванні, што 25 лістапада 2018 года на рынку расіянін са Смаленскай вобласці сам пацікавіўся, дзе можна купіць паляўнічую стрэльбу. Вось дзядуля яму сваю і прапанаваў. Потым казаў: «А навошта яна мне? Толькі ляжыць і іржавее».

Па словах Юрыя Канапацкага, расіянін заплаціў за гэта стрэльбу 200 рублёў. У яго ж пенсіянер набыў сабе чаравікі за 30 рублёў, а ў краме – труну і два крыжы.

Пракурор Валожынскага раёна растлумачыў:

– Паляўнічая агнястрэльная гладкаствольная стрэльба з’яўляецца грамадзянскай зброяй. Прадаваць яе можна, але толькі выконваючы пэўныя правілы. Паводле «Закону аб зброі» толькі асобе, якая мае ліцэнзію на яе набыццё, з абавязковым паведамленнем аб гэтым органам унутраных спраў па месцы рэгістрацыі стрэльбы з наступнай перарэгістрацыяй яго на імя пакупніка. А ў дадзеным выпадку дзядуля парушыў закон.

Пенсіянеру ставяць у віну другую частку артыкула “Незаконны збыт паляўнiчай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі”.

Злачынства караецца штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.