Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу ў дачыненні да 46-гадовага мужчыны, які скраў у бацькі свайго сябра 1500 расійскіх рублёў.
Афіцыйны прадстаўнік Маладзечанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Юлія Крук расказала карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Злачынства адбылося 2 лютага. 58-гадовы мужчына працуе ў Расіі і прыехаў у Маладзечна да сына. Сустрэчу вырашылі адзначыць і запрасілі 46-гадовага сябра сына, які мае рэпутацыю аматара бясплатнай выпіўкі. Кампанія распівала алкаголь, пакуль не скончыліся грошы. У бацькі заставаліся паўтары тысячы расійскіх рублёў, і марнаваць іх ён не збіраўся. Тады госць ударыў мужчыну ў твар, сілай забраў расійскую валюту з кішэні кашулі і схаваўся.

Пацярпелы патэлефанаваў у міліцыю. Мужчыну затрымалі па гарачых слядах, аднак выкрадзеныя грошы ён ужо паспеў патраціць.

– Мужчына набыў самагон па цане элітнага алкаголю, – адзначыла Юлія Крук. – Цяпер абвінавачваны адбывае адміністрацыйны арышт у камеры ізалятара часовага ўтрымання.

Справу ўзбудзілі па артыкуле «Рабаванне».

Злачынства караецца грамадскімі працамі ці штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да чатырох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

• Текст доступен на языке: Русский